«Стары Ольса» рыхтуецца да прэзентацыі новага альбому «Santa Maria»


https://youtu.be/gHTkjmAqWls
У новы альбом ўвайшлі 13 твораў. Больш за палову кампазіцыяў узялі з вядомага зборніку барочнай музыкі «Полацкі сшытак», творы з якога ўвайшлі ў партытуры польскіх і нават нямецкіх музыкаў.

Адна кампазіцыя запісаная паводле «Віленскага сшытку» – ананімнага зборніку п’есаў для сольнага і ансамблевага выканання, які склалі ў Вільні ў 1600 годзе. Асаблівасцю гэтага альбому сталі 2 рэлігійныя песні, распавядае лідар «Старога Ольсы».

«У гэтым альбоме, апроч твораў з «Полацкага сшытку» ёсць яшчэ адзін твор з «Віленскага сшытку», ёсць некалькі кампазіцыяў беларускіх кампазітараў лютністаў і дзве рэлігійныя песні «Santa Maria» ды «Заспявай адзінай пані», – адзначае лідар гурта Зміцер Сасноўскі.
{movie}Зміцер Сасноўскі пра новы альбом гурта “Стары Ольса” |right|13202{/movie}
Варта адзначыць, што 13 твораў з «Santa Maria» можна назваць усяго толькі першай часткай дыска. Як распавёў на прэс-прэзентацыі альбома лідар гурта Зміцер Сасноўскі, за пяць «безальбомных» гадоў было назапашана вельмі шмат матэрыялу. Таму музыкі падзялілі матэрыял на дзве часткі. Першая — своеасаблівая палацава-камерная, і ёсць дыск «Santa Maria». «Пасля таго, як мы адыграем гэтую праграму, недзе ўвосень наступнага года, мы збярэмся, каб запісаць другую, застольна-песенную частку», — паабяцаў Сасноўскі.

Альбом запісваўся на студыі «Sunflowers» гукарэжысёрам Віталём Кулеўскім, працаю з якім гурт «Стары Ольса» вельмі задаволены. Паводле музыкаў, гэта самы якасны ў гучаннi альбом за ўсю дыскаграфію гурта. Таксама «Santa Maria» адрозніваецца ад папярэдніх запісаў тым, што альбом цалкам спрадусаваны музыкамі самастойна. За апошнія 5 гадоў гурт шмат чаму навучыўся. «За апошнія пяць год мы падраслі, змяніліся і сталі больш абгрунтавана ставіцца да кампазіцыяў», – кажа Зміцер Сасноўскі.

Між тым, музычныя крытыкі ўжо ахрысцілі новы альбом «сярэднявечным рок-н-ролам». «Мы не зусім сышлі ў рок-н-рол. Я думаю, што дух старадаўнасці ў альбоме прысутнічае. Ален ўсе ўжо ведаюць, што “Полацкі сшытак” — гэта маленькія тэмы па чатыры —восем тактаў. І гэта дае магчымасці музыку больш імправізаваць. Таму шмат імправізацый, можа быць, з-за гэтага і яго назвалі рок-н-ролам. Бо рок-н-рол, гэта свабода, варыяцыі на тэму», — адзначыў удзельнік гурта лютніст Ілля Кульбіцкі.

Сталічная прэзентацыя новага дыска адбудзецца 17 лістапада ў ДК МТЗ, пасля чаго гурт «Стары Ольса» дасць шэраг выступаў у абласных цэнтрах Беларусі.

Ю.В., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары