Калі рване ў Астраўцы


Актывісты антыядравага руху заклікаюць спыніць пабудову АЭС у Астраўцы. Яны спасылаюцца на вынікі даследаванняў аўстрыйскіх навукоўцаў, паводле якіх атамная станцыя нясе пагрозу для жыхароў у радыусе 300 кіламетраў.

Цэзій можа «накрыць» Вільню, Горадню і Менск

Вынікі даследавання аўстрыйскага Універсітэту прыродных рэсурсаў і прыкладных навук аб жыцці, апублікаваныя ў 2012 годзе, паказалі, што цяжкая пазапраектавая аварыя на адным з рэактараў Астравецкай АЭС можа прывесці да забруджання радыеактыўным цэзіем-137 у колькасці, небяспечнай для сельскай гаспадаркі ды здароўя людзей, на тэрыторыі ў радыусе больш як 300 кіламетраў ад аварыйнага рэактару. Пад пагрозаю могуць быць Вільня, Коўня, Горадня, Полацак і Менск.

Навукоўцы разлічвалі сцэнары самых цяжкіх – пазапраектавых аварыяў. Гэта значыць, такіх пазаштатных здарэнняў, калі могуць не спрацаваць адразу некалькі сістэмаў бяспекі або персанал АЭС будзе прымаць памылковыя рашэнні пры ліквідацыі аварыяў. Пры гэтым у сімуляцыі такіх аварыяў з выкідам радыеактыўных рэчываў пралічвалася 88 варыянтаў надвор’я.

Гэтак, паводле аднаго з разлікаў, што адлюстраваны на мапе, у выніку такой пазапраектнай аварыі жыхары тэрыторыяў у радыусе больш як 100 кіламетраў атрымаюць эфектыўную дозу радыяцыі 25 мЗв. Паводле ж санітарных нормаў эфектыўная доза радыяцыі, якую можа атрымаць чалавек падчас такіх працэдураў, як рэнтген, на год не мусіць перавышаць 1 мЗв.

Беларускія атамнікі: Не спатрэбіцца нават эвакуацыя

Міністэрства энергетыкі Беларусі мае палярна іншае меркаванне адносна пагрозаў Астравецкай АЭС. У ацэнцы ўздзеяння Астравецкай атамнай станцыі на навакольнае асяроддзе таксама гаворыцца пра пазапраектавыя аварыі, але яны, як мяркуецца, не нясуць вялікай небяспекі насельніцтву.

«Максімальная разліковая доза апраменьвання шчытападобнай залозы пры зададзеных сцэнарах аварыі перавысіць крытэр умяшання 50 мЗв за першыя сем дзён пасля аварыі на адлегласці да 25 кіламетраў ад станцыі, адпаведна, у радыусе 25 кіламетраў ад станцыі неабходнаю контрзахадаю будзе блакаванне шчытападобнай залозы на раннім этапе аварыі», – гаворыцца ў заключных матэрыялах дакументу пра ацэнку ўздзеяння АЭС на навакольнае асяроддзе. Паводле чыноўнікаў, ледзь не самыя найгоршыя наступствы непрадказальнай аварыі на Астравецкай АЭС можна будзе прадухіліць 1–2 таблеткамі ёдзістага калію.

«Вынікі мадэлявання з дапамогаю міжнародных мадэляў пераканаўча дэманструюць, што праводзіць эвакуацыю насельніцтва не спатрэбіцца», – такую выснову робяць аўтары дакументу.

«Зялёныя» не вераць у «цуд-рэактар»

Прадстаўнікі беларускай грамадскасці заклікалі Дэпартамент ядравай і радыяцыйнай бяспекі МНС адклікаць ліцэнзію на будаванне ўстаноўкі першага энергаблоку Беларускай АЭС.

Сваю просьбу яны абгрунтоўваюць артыкулам 15 Закону «Аб выкарыстанні атамнай энергіі». Артыкул, сярод іншага, гаворыць: «Рашэнне аб пабудове ядравай устаноўкі ды (ці) пункту захоўвання мусіць быць адмененае, а іх пабудова спыненая ў выпадку выяўлення фактараў, якія цягнуць зніжэнне ўзроўню бяспекі гэтых аб’ектаў, забруджванне навакольнага асяроддзя або іншыя неспрыяльныя наступствы».

Аўтары звароту звяртаюць увагу на новыя доказы таго, што афіцыйная ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) праекту Беларускай АЭС «праведзеная некарэктна», у дакументацыі заніжаныя звесткі пра магчымае ўздзеянне станцыі на здароўе людзей і навакольнае асяроддзе ў выпадку цяжкай аварыі.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Стужка навінаў