Беларускі апазіцыянер трапіў у польскую турму. Спаліў два лецішчы


Больш за паўтара месяца пад вартаю ў Польшчы застаецца беларускі апазіцыянер – палітычны ўцякач з Беларусі. Яго абвінавачваюць у падпале летніх дамкоў.

Двое пацярпелых

У сярэдзіне верасня раённы суд у польскім мястэчку Шчытна (Szczytno) пастанавіў арыштаваць на два месяцы беларуса Сяргея П., які падазраецца ў падпале двух лецішчаў каля мястэчка Ядвабна (Jedwabno). Затрыманы на месцы здарэння мужчына патлумачыў паліцыі, што ўладальнік аднаго з дамкоў не аддаў яму грошай. Як высветлілася, адна з хатаў, што згарэла цалкам, належала грамадзяніну Беларусі. Гаспадаром другога дамка, знішчанага толькі часткова, быў паляк.

Можа быць пакараны 10 гадамі зняволення

Як распавёў «Белсату» пракурор Артур Харашэўскі (Artur Choroszewski) з пракуратуры ў Шчытне, падазраванага можа чакаць, у залежнасці ад класіфікацыі злачынства, да 5 гадоў турмы – калі яго абвінавацяць у знішчэнні маёмасці (у адпаведнасці з параграфам 288 польскага Крымінальнага кодэксу). Калі ж пракуратура прызнае, што гэта быў наўмысны падпал, то беларус можа трапіць за краты на 10 гадоў (у адпаведнасці з пунктам 1 арт. 163 польскага Крымінальнага кодэксу).

Патрэбная дапамога

Паводле пракурора, затрыманы прызнаўся ў злачынстве і папрасіў паведаміць пра падзею арганізацыям у Польшчы, звязаным з беларускай апазіцыяй. Пракурор Харашэўскі адзначыў, што затрыманы перабывае ў вельмі дрэнным матэрыяльным стане, не мае нават, дзе жыць. Мужчына застанецца пад вартаю да 13 снежня. Да канца лістапада працягнецца збор доказаў у ягонай справе. «Калі гэтага чалавека вызваляць, яму будзе неабходная дапамога», – паведаміў пракурор са Шчытна.

Можа згубіць права жыць у Польшчы

Журналісты «Белсату» даведаліся, што арыштаваны ў Польшчы апазіцыянер – гэта 62-гадовы сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў і грамадскі дзеяч з Клецку Сяргей Панамароў. Актывіст у 2010 годзе ўцёк з Беларусі, дзе яго абвінавацілі ў паклёпе на чыноўнікаў, сярод якіх быў старшыня клецкага райвыканкаму. Падставаю для абвінавачання сталіся публікацыі ў бюлетэні «Бойкі Клецк», які рэдагаваў і выдаваў Панамароў. У ліпені 2011 года журналіст атрымаў статус уцекача і пашпарт – паводле Жэнеўскай канвенцыі пра статус уцекачоў, а таксама від на часовае жыхарства ў Польшчы .

Са словаў пракурора Артура Харашэўскага, калі беларускага апазіцыянера асудзяць, могуць забраць від на жыхарства ў Польшчы.

БЯ, МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары