Брат беларускага біскупа ў Чыкага: Не ведаў, што ён быў беларусам


У 1959 годзе ў кангрэсе ЗША на Дзень Волі гучала малітва на беларускай мове! Чытаў яе беларускі святар Чыкагскай грэка-каталіцкай царквы Уладзімір Тарасевіч. Сёння ягоныя родзічы мала што ведаюць аб працы дзеяча на ніве беларушчыны.

З Клешнякоў у Чыкага

Большую частку свайго жыцця Уладзімір Тарасевіч правёў у ЗША, але нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Клешнякі (цяпер Шчучынскі раён) у сялянскай сям’і. Напярэдадні Другой сусветнай вайны будучы біскуп пераехаў да свайго дзядзькі, ксяндза Яна Тарасевіча, у Чыкага.

Адвучыўшыся тут у духоўнай семінарыі бенедыктынцаў, скончыў Каталіцкі ўніверсітэт у Вашынгтоне (1950), а таксама слухаў выбітных багасловаў у прэстыжных навучальных установах Рыму. Атрымаўшы святарскія пасвячэнні, а. Уладзімір перайшоў у грэка-каталіцкі абрад і стаў дапамагаць свайму дзядзьку, кс. Яну Тарасевічу, наладжваць рэлігійнае жыццё беларусаў у Чыкага.

Найлепшы настаўнік – родны дзядзька

Духоўнае і інтэлектуальнае станаўленне айца Уладзіміра адбывалася пад беспасярэднім уплывам ягонага дзядзькі, ксяндза Яна Хрызастома Тарасевіча, які трапіў у ЗША на пачатку XX стагоддзя, а пазней вывучаў тэалогію ў Канадзе і Швейцарыі. У 1925 годзе кс. Ян абараніў дактарат у багаслоўі, а з 1937 года працаваў у манастыры св. Пракопа ў чыкагаўскім прадмесці Лайл (Lisle). Айцец Ян быў незвычайна актыўным дзеячам як рэлігійнага, гэтак і беларускага нацыянальнага жыцця ў эміграцыі. У 1941 годзе ён стаў адным з ініцыятараў стварэння культурна-грамадскай арганізацыі «Беларуска-амерыканская нацыянальная рада».

Беларуская мова ў кангрэсе ЗША

Айцы Ян і Уладзімір займаліся ў Чыкага выдавецкаю дзейнасцю, выпускалі некалькі часопісаў на беларускай мове, дапамагалі ствараць беларускую праграму на мясцовым радыё. Разам з праваслаўнымі беларусамі яны ладзілі святкаванне 25 Сакавіка.

У 1958 годзе, у якім а. Уладзімір абараніў доктарскую працу ў тэалогіі, ён змяніў свайго дзядзьку на пасадзе пробашча беларускай уніяцкай парафіі Хрыста Збаўцы ў Чыкага. У 1959 годзе з ягоных вуснаў беларуская мова прагучала ў кангрэсе ЗША. Святара як аднаго з лідараў беларускага рэлігійнага жыцця ў Амерыцы вылучыла беларуская грамада для чытання ў амерыканскім парламенце малітвы за беларускі народ. У 1983 годзе Папа Рымскі Ян Павал ІІ надаў а. Уладзіміру годнасць біскупа і прызначыў галавою каталікоў-беларусаў абодвух абрадаў у эміграцыі.

Апошні спачын

Пад канец жыццёвага шляху а. Ян Тарасевіч пачаў сімпатызаваць ўладам савецкай Беларусі, бо тыя, як яму здавалася, падтрымлівалі беларускую культуру. Біскуп Уладзімір па-ранейшаму заставаўся крытычны да дзеянняў камуністычных уладаў.

У 1978 годзе не стала спачатку кс. Яна Тарасевіча, а ў 1986 годзе пасля цяжкай анкалагічнай хваробы пайшоў з жыцця біскуп Уладзімір. Іх пахавалі на могілках пры бенедыктынскім кляштары св. Пракопа ў Лайле пад Чыкага. Пасля смерці двух каталіцкіх дзеячаў парафія Хрыста Збаўцы існавала да 2003 года, а потым яе зачынілі, бо ў горадзе амаль не засталося беларусаў-каталікоў.

Брат біскупа, які каля 30 гадоў не размаўляў па-беларуску

Родны брат біскупа Уладзіміра Тарасевіча – Ян Тарасевіч – прыбыў у ЗША з Польшчы пасля ІІ сусветнай вайны. У Польшчу ён выехаў з бацькамі на хвалі пасляваеннай рэпатрыяцыі палякаў. У Чыкага спадар Ян працаваў у пякарні ды, як сам адзначаў, мала цікавіўся, чым займаліся ягоныя брат і дзядзька. «Нашая сям’я ўся была каталіцкая. Гэта тут, на эміграцыі, дзядзька і брат перайшлі ва ўніяцтва. Ды і дома мы па-польску размаўлялі. Я не ведаў, што брат быў беларусам. Гэта пазней маглі пра яго так сказаць», – на чысцюткай беларускай мове распавёў спадар Тарасевіч, хоць і адзначыў, што не размаўляў па-беларуску каля 30 гадоў.

З сямейных размоваў брату біскупа запомнілася, што ягоны дзядзька Ян і брат Уладзімір стараліся, каб людзі маглі спавядацца ў касцёле на сваёй «простай» мове, бо шмат каму цяжка было размаўляць і разумець па-польску. «Уладзімір паехаў у Амерыку, калі я быў яшчэ малым дзіцём. Я – чалавек рабочы, потым не меў часу, каб з братам часта бачыцца. У царкву таксама не хадзіў, бо яна ўніяцкая, а я – каталік», – сказаў Ян Тарасевіч.

Памяць пра беларусаў у кляштары



У бенедыктынскім кляштары св. Пракопа па-ранейшаму захоўваецца памяць пра дзейнасць слаўных беларусаў у Чыкага. Дагэтуль там існуе капліца ў візантыйскім стылі, у якой айцы Ян і Уладзімір Тарасевічы правілі грэка-каталіцкую літургію. На адным з памятных стэндаў у кляштары турыстам паказваюць старыя фатаграфіі, на якіх беларускія святары прычашчаюць вернікаў у былой беларускай грэка-каталіцкай царкве.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў