Што адбылося з княгіняю, калі яна пабачыла сучасны Гомель?


Усе намаганні актывістаў уратаваць гістарычную забудову Гомля аказаліся марныя. Між іншага, на месцы дому, дзе жыла княгіня Ірына Паскевіч, паўстане шматпавярховік. Як на гэта адрэагавала б уладальніца старасвецкага будынку? Актывісты запрашаюць паглядзець новы кліп.

Пад бульдозер са згоды ўладаў у Гомлі пойдзе ўся драўляная забудова вуліцы Валатаўской. У адным з дамоў, паводле легенды, у доме дажывала свой век апошняя ўладальніца гомельскага палацу, княгіня Ірына Паскевіч.

На абарону будынку сталі вядомыя дзеячы: Адам Мальдзіс і тэлевядоўца Юрый Жыгамонт. Намагаючы ўратаваць драўляную гістарычную спадчыну, гамельчукі зладзілі неардынарную фотасесію.

{movie}Ролік “Апошні дзень Ірыны Паскевіч” |right|13189{/movie}

Маладзёны сфатаграфаваліся аголенымі да пояса побач з былым домам княгіні, мяркуючы, што праект прыцягне ўвагу грамадскасці да праблемы. Перамагчы чыноўнікаў пакуль не ўдалося, але дзякуючы розгаласу ў медыях змянілася рыторыка ўладаў. Калі раней чыноўнікі не прызнавалі аніякай каштоўнасці драўлянай забудовы, то цяпер каштоўнасць дамоў маецца на ўвазе: улады апраўдваюцца, спасылаючыся на нястачу сродкаў.

Нядаўна ў інтэрнэце з’явіўся відэаролік, які мае таксама паспрыяць захаванню гістарычнай спадчыны Гомля. «Ідэя стварыць ролік узнікла не гэтак даўно. Паводле легенды, у доме дажывала свае апошнія дні Ірына Паскевіч. Я неяк чула, што гомельская княгіня валодала дарам прадбачання. І мне падумалася, што калі б яна апынулася сёння на Валатаўской, ёй бы стала кепска ад убачанага», – распавяла «Белсату» Марыя Булавінская, аўтарка і рэжысёрка кліпу.

Паводле дзяячкі, здымаць ролік ёй дапамаглі неабыякавыя да праблемы сябры, якія разам са спадарыняй Булавінскай цягам года беспаспяхова дамагаліся ад Міністэрства культуры, каб будынку надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці: «Увогуле вельмі крыўдна, што дом прастаяў больш за стагоддзе, перажыў вайну, і сёння, у ХХІ стагоддзі, яго мэтанакіравана зносяць. І такое рашэнне перш за ўсё абумоўленае эканамічнымі інтарэсамі. Культура і гісторыя ў гэтай сітуацыі для Міністэрства культуры аказаліся зусім не прыярытэтнымі».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў