Гарадзенская моладзь зладзіла акцыю ў гонар Міхала Вітушкі


Міхал Вітушка. На старонках школьных падручнікаў гісторыі гэтага прозвішча не знайсці. Ідэалагічны вораг усяго савецкага. Адзін з лідараў Беларускага антыбальшавіцкага супраціву 1945–1959 гг. Сёння з нагоды дня народзінаў Вітушкі ў Горадні з’явіліся налепкі з выяваю беларускага змагара.

M_V_2

Нясвіж–Варшава

Міхал Вітушка нарадзіўся ў Нясвіжы 5 лістапада 1907 г. Скончыў Віленскую беларускую гімназію і Варшаўскую палітэхніку ў спецыяльнасці інжынер. У верасні 1939 года вярнуўся з Варшавы ў Нясвіж, служыў у міліцыі, пасля будаваў дарогі. Узімку 1940 г. НКВД арыштавала Вітушку разам са стрыечным братам Дзмітрыем Касмовічам – за сувязь з беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі ў замежжы.

Вайна

На пачатку нямецкай акупацыі Вітушка ўцякае ў Менск, дзе разам з Касмовічам стварае службу парадку. З таго часу ваюе з савецкімі партызанамі і дыверсійнымі групамі на Палессі, пасля на Браншчыне і Смаленшчыне. Удзельнічае ў Беларускім нацыянальным супраціве, аднак сыходзіць у лес не спяшаецца, працягвае супрацоўнічаць з немцамі, служыць у рангу маёра.

Увосень 1944 г. Вітушку зацвердзілі кіраўніком Беларускага антысавецкага супраціву. Дзеля дэзынфармацыі савецкіх спецслужбаў правялі спецыяльную “аперацыю прыкрыцця”, у выніку якой ужо ўвесну 1945-га інсцэнізавалі смерць Вітушкі. Насамрэч напрыканцы снежня 1944 года дзеяча разам з атрадам дэсантнікаў перакінулі з Нямеччыны ў Польшчу, у ваколіцы Варшавы, дзе ў бункеры разгарнуўся Галоўны штаб беларускага партызанскага руху (канспірацыйная арганізацыя “Чорны кот” пра якую ў сваёй кнізе «Беларускі супраціў» пішуць гісторыкі Сяргей Ёрш, Сяргей Горбік). Паводле аўтараў арганізацыя ўваходзіла ў склад гэтак званага Беларускага супраціву, дзеячы якога гінулі ад рук нацыстаў, бальшавікоў, польскіх акоўцаў. Аднак, нават некаторыя незалежныя гісторыкі ставяць пад сумнеў факт існавання гэтай арганізацыі.

{movie}Фільм студыі ПартызанFilm пра пасляваенны антысавецкі супраціў|right|13187{/movie}

Жыццё пасля смерці

Напрыканцы 1950-х Вітушка перабраўся з Польшчы на Захад, жыў у Заходняй Нямеччыне. Паводле версіі некаторых гісторыкаў, падтрымліваў сувязь з падпольнаю сеткай у БССР. У 1950–70-х неаднаразова, але пад іншым прозвішчам, наведваў Беларусь.

Міхал Вітушка – адзіны з кіраўнікоў антысавецкіх рухаў супраціву ў СССР, які выжыў у партызанцы і здолеў схавацца ад савецкіх агентаў на Захадзе. Памер 27 красавіка 2006 г. у Мюнхене.

Старонку Міхала Вітушкі можна знайсці ў Фэйсбуку!

Больш інфармацыі пра гісторыю антысавецкага супраціву у Беларусі шукайце ТУТ.

Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў