Якіх жывёлінаў выбіраюць дыктатары?


Кракадзілы як сродак рэпрэсіяў і дрэсаванне львоў для падтрымання іміджу – «Белсат» піша пра ролю жывёлінаў у жыцці дыктатараў.

Яна – ільвіца, і імя ёй – Італія

Італьянскі дыктатар Бэніта Мусаліні любіў, каб у наваколлі гулялі львы. Дрэсура разам з коннаю яздою, аўтамабільнымі гонкамі, плаваннем і катаннем на лыжах мела падтрымліваць імідж уладара-мачо.

«У прыгожым заасадзе ў парку ля вілы «Villa Borghese» ў пасляабедзеннай дрымоце бавіць час прыгожая львіца. Яе імя – Італія. І яна належыць Бэніта Мусаліні», – гэтая алегорыя з карэспандэнцыі Эдўіна Л. Джэймза для «The New York Times» 10 красавіка 1928 года. Вядомы таксама здымак дучэ з ільвянём Расам у аўтамабілі.

Гітлер аддана любіў Блондзі

Адольф Гітлер, як вядома, быў аматарам сабакаў. Даводзяць гэта і шматлікія фотаздымкі. Найчасцей яго можна пабачыць з аўчаркаю Блондзі. Асабістая сакратарка фюрэра Траўдль Юнге перад смерцю паспела выдаць мемуары «Да апошняй гадзіны» («Bis Zur Letzten Stunde»), у якіх крывавы дыктатар прэзентаваны як сардэчны і па-бацькоўску клапатлівы чалавек, які аддана любіў свайго сабаку. Улюбёным ягоным заняткам пасля лёгкага сняданку быў шпацыр з Блондзі. Яна, дарэчы, была побач са сваім гаспадаром і ягонаю жонкаю Эвай Браўн да апошніх гадзінаў іхнага жыцця.

Пуцін падарыў Чавэсу сабаку Сталіна

З імем Іосіфа Сталіна звязаныя тры гісторыі. Першая – пра Джульбарса, сабаку, які падчас Другой сусветнай вайны выявіў велізарную колькасць мінаў і снарадаў. Паранены, ён не мог удзельнічаць у Парадзе перамогі на Краснай плошчы, пра што паведамілі маршалу Канстанціну Ракасоўскаму, які перадаў гэта Сталіну. Той загадаў пранесці сабаку па плошчы на сваім кіцелі (узялі стары кіцель без пагонаў).

У вядомай кніжцы Юрыя Борава «Сталініяда» згадваецца, што пасля вайны «айцец народаў» любіў слухаць кружэлку, на якой «жаночы голас спяваў пад акампанемент «канкрэтнай» музыкі – сабачага брэху і скавытання». Паводле акрэслення аўтара, выданне ёсць зборам «інтэлігенцкага фальклору». Юрый Бораў лічыў, што ў таталітарных грамадствах, «дзе інтэлігенцыя не магла даверыць паперы свайго жыццёвага досведу, паўстаў цэлы пласт культуры – інтэлігенцкі фальклор, які дае альтэрнатыўную да створанай дакументамі карціну гісторыі».

Расейскі чорны тэр’ер – службовая парода, якую стварылі ў СССР у 1940–1950-я гады, увайшла ў гісторыю пад назваю «сабака Сталіна». Яе атрымалі праз скрыжаванне больш як дзесяці пародаў. Асноўныя патрабаванні, якія ў дзяржаўнай замове атрымаў гадавальнік, былі: марозатрываласць (густая поўсць), фізічная сіла і даўгія канцавіны (каб хутка бегала), шырокія лапы (каб не правальвалася ў снег), магутныя сківіцы і люты характар. Гэта быў ідэальны варыянт для аховы вязняў у лагерах.

За паўгода да смерці прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавэса кіраўнік «Раснафты» Ігар Сечын прывёз яму падарунак ад Уладзіміра Пуціна. Гэта быў трохмесячны шчанюк расейскага тэр’ера. Венесуэльскі лідар памёр у адзін дзень са Сталіным, 5 сакавіка.

Карова ў рэзідэнцыі

У рэзідэнцыі кіраўніка Беларусі ёсць не толькі каты і сабакі, але і карова. Летась гэта высветліла радыё «Свабода», якое датэлефанавалася да Паўла Лёгкага, тагачаснага прэс-сакратара Аляксандра Лукашэнкі. Вось што ён распавёў: «…На тэрыторыі рэзідэнцыі каты, наколькі мне вядома, сабакі. Лабрадор ёсць – памежнікі пару гадоў таму падарылі, калі мы наведвалі заставу на Гомельшчыне. Аўчарка ёсць. І карова, і козы, і птушкі розныя: і качкі, і гусі, і куры – шмат розных хатніх жывёлінаў. І ён сам пра гэта не раз публічна распавядаў, пералічваў гэтых жывёлінаў. Чалавек з вёскі, чалавек, які ведае, як трэба клапаціцца пра хатніх жывёлінаў, чалавек, у якога заўсёды былі хатнія жывёліны. І тут ён дзесьці звычкам сваім не здраджвае».

На ўнікальных відэакадрах 1994 года, зробленых у перыяд прэзідэнцкай кампаніі, можна ўбачыць, як жонка будучага прэзідэнта Галіна Лукашэнка поіць сабаку з цэглы.

{movie}Відэа 1994 года: Галіна Лукашэнка поіць сабаку з цэглы|right|13185{/movie}

Кракадзілы як сродак рэпрэсіяў

Перад тым, як стаць крыважэрным дыктатарам Уганды, прафесійны баксёр Ідзі Амін зрабіў кар’еру ў брытанскім войску. Колькасць ахвяраў ягонага кіравання (1971–1979) ацэньваюць на 400 000 чалавек. Перад смерцю шмат хто прайшоў праз катаванні.

Ідзі Амін, які абвесціў сябе пажыццёвым прэзідэнтам, і сам не цураўся выконваць смяротных прысудаў. Англійскамоўныя медыі не раз згадвалі словы рыбакоў, якія вылоўлівалі ў возеры Вікторыя целы, кінутыя ў якасці ласунка кракадзілам.

Кадыраў: Сёння дзень тыгра, сябры!

Пракрамлёўскі лідар Чэчні Рамзан Кадыраў – вялікі аматар «Інстаграму». Штомесяц ён змяшчае там дзясяткі фотаздымкаў і відэа, на якіх праводзіць нарады, узнагароджвае жанчын і гуляе на вяселлях. Любіць чэчэнскі лідар з’явіцца ў аб’ектыве і ў таварыстве братоў нашых меншых.

«Асалям алейкум, сябры! Сёння адзначаецца Міжнародны дзень тыгра, – паведамляе Кадыраў побач з выяваю, на якой бавіцца з тыгранём. – Адмыслоўцы кажуць, што ва ўсім свеце гэтых прыгожых грацыёзных драпежнікаў засталося менш за 5000. А сто гадоў таму было каля 130 000. У нашай краіне з ініцыятывы Уладзіміра Пуціна прымаюцца рашучыя захады для выратавання пагалоўя тыгра».

Далей прэзідэнт паведамляе, што ў Чэчні створаны запаведнік, «дзе ў натуральных умовах жывуць і множацца дзясяткі відаў розных звяроў і птушак». Як пацверджанне – фота з фазанамі, якіх там «ужо тысячы».

Кадыраў дбае не толькі пра дзікую прыроду: пра гэта сведчыць здымак з уласнай падсобнай гаспадаркі (якраз прывезлі некалькі відаў качанятаў). «Займацца садам, агародам і важдацца з хатнімі жывёлінамі ды птушкаю – адзін з маіх любімых заняткаў. І, вядома, калі я заклікаю жыхароў Чэчні весці падсобныя гаспадаркі, прыклад даводзіцца самому падаваць, – шчыруе чэчэнскі лідар. – Ды і свая экалагічна чыстая прадукцыя ў нашыя дні неацэнная».

Львы Хусэйна напалі на амерыканскіх жаўнераў

Дзікія коткі былі аб’ектам захаплення Удэя Хусэйна, сына іракскага дыктатара. Ён трымаў іх у сваім палацы. Пасля прыходу амерыканскіх войскаў у будынку зрабілі вайсковую базу, а звяроў адправілі ў паркі Паўднёвай Афрыкі, бо заапарк у Багдадзе не меў ні месца, ні грошай іх утрымліваць. Дарэчы, калі амерыканскія вайскоўцы ўвайшлі ў горад, іх «віталі» чатыры раз’юшаныя львы: заапарк быў кінуты без нагляду. Жаўнерам давялося падбаць пра харчаванне для звяроў: іх пачалі рэгулярна карміць ежаю, якая паступала з Кувейту ў межах дапамогі.

У палацы Удэя жылі таксама хворы сібірскі тыгр (яго пачалі лячыць амерыканцы) і сляпая бурая мядзведзіца, якую завезлі ў Грэцыю, дзе ёй выдалілі катаракту.

Карміў пудзеляў лепш за ўласны народ

Паўночнакарэйскі правадыр Кім Чэн Ір літаральна за пару месяцаў да смерці набыў сабе кітайскіх дэльфінаў і французскіх пудзеляў. Апошнія заўсёды былі ягоныя ўлюбёнцы. Кэндзі Фудзімато, які сцвярджае, што быў асабістым кухарам дыктатара з 1988 да 2001 года, згадвае, як пудзелі звычайна палежвалі пад абедзенным сталом у чаканні прысмакаў і харчаваліся значна лепш, чым асноўная маса насельніцтва Паўночнай Карэі.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў