Торф коштам азёраў


За балота з такою нетыповаю назвай, як Святое, змагаюцца на Гарадзеншчыне. Меліярацыя, якая ідзе тут з савецкіх часоў, моцна ўдарыла па экасістэме. Цяпер жа планы стратнага торфазагатоўчага прадпрыемства пагражаюць існаванню прылеглых да балота азёраў ды якасці вады ў студнях.

Азёры – так завецца і вёска непадалёк ад Горадні, і рэспубліканскі ландшафтны заказнік. І кожнае возера, кожны кавалак гэтых балотаў мае значэнне для ўсёй краіны.

{movie}Торф коштам азёраў|right|13184{/movie}

ДЗМІТРЫЙ МАРОЗІК, ДЫРЭКТАР ЗАКАЗНІКУ «АЗЁРЫ»:

«На гэтай тэрыторыі расце шмат каштоўных раслінаў, занесеных у Чырвоную кнігу, а таксама жыве жывёла, занесеная ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь».

Але прыродная казка можа кепска скончыцца. Прадпрыемства «Белпаліўгаз» запланавала асушыць 250 га балота Святое пад здабычу торфу. За меліярацыю – Міністэрства энергіі, супраць – Міністэрства прыроды, эколагі ды мясцовыя жыхары. Бакі сустрэліся на грамадскіх слуханнях аб праблеме асушэння, што прайшлі днямі ў вёсцы Азёры.

АЛЯКСАНДР ВІНЧЭЎСКІ, «АХОВА ПТУШАК БАЦЬКАЎШЧЫНЫ»:

«Пераважна за асушэння балотаў выступалі людзі, якія жывуць у Верцялішках, якія месцяцца за 10 ці 15 кіламетраў ад балота. Усе мясцовыя жыхары – за захаванне балота, за журавіны, за тую прыроду, якая ім засталася ад бога».

Менавіта ў Верцялішках жывуць нарыхтоўшчыкі торфу з прадпрыемства «Белпаліўгаз». Сёння торфазавод стратны, аднак спраўна бярэ з бюджэту грошы на рэканструкцыю. Падчас слуханняў прадстаўнікі «Белпаліўгазу» прапанавалі асушыць на 60 га балота менш. Але з журналістамі размаўляць адмовіліся.

АЛЯКСЕЙ ВОСІПАЎ, «БЕЛПАЛІЎГАЗ»:

«Я сказаў, што хацеў, непасрэдна на самім паседжанні».

Галоўны аргумент «Белпаліўгазу» – на заводзе працуюць 160 чалавек, і трэба асушыць балота, каб іх пракарміць. Але хіба ж гэта аргумент, калі працаўнікі маюць заробак, меншы за 2 мільёны рублёў? Працы ў раёне хапае.

АЛЯКСАНДР МЯЖУЕЎ, ДЭПУТАТ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ:

«У Гарадзенскім раёне ў агракамбінаце «Скідзельскі» ёсць маса вакантных месцаў, дзе сярэдні заробак 4,5 мільёна плюс сацпакет».

Тым больш што перспектывы ў тарфяніку малыя. Попыт на торфабрыкеты падае і ў Беларусі, бо газіфікацыя, і ў Еўропе – там пераходзяць на іншыя віды паліва. А асушэнне нават кавалку вяршыннага балота – Святога – прынясе вялікія страты, кажуць адмыслоўцы.

БАРЫС УЛАСАЎ, АКАДЭМІЯ НАВУК БЕЛАРУСІ:

«Будзе змяненне ўзроўню вады ў азёрах, паніжэнне грунтовых водаў, скарачэнне плошчы азёраў».

Што нясе нават частковая меліярацыя, мясцовыя жыхары адчулі на сабе даўно.

ІВАН РОЗМЫСЛА, ЖЫХАР ВЁСКІ АЗЁРЫ:

«У Дубінцы, у Маркішах, у Сухарах, у Навасёлках – паўсюль вада ў калодзежах сапраўды падае. Так, чысцілі калодзежы, было такое. Але ўзровень ад гэтага не падвысіўся».

Для сялянаў балота азначае журавіны ды буякі. А меліярацыя – чорную зямлю і пажары на тарфяніках. Таму жыхары вёскі Азёры ўжо маюць больш за 500 подпісаў супраць перадачы заказніку торфабрыкетнаму заводу. У інтэрнэце подпісаў сабрана ў 10 разоў больш. І далучыцца да абаронцаў Азёраў яшчэ не позна.

Марцін Ярскі, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў