Як паведаміла афіцыйная прадстаўніца упраўлення Следчага камітэту па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, зламыснікаў затрымалі ды змясцілі ў СІЗА.
Міліцыянты, працаўнікі Кармянскага РАУСу, былі на дзяжурстве, калі іхню ўвагу прыцягнуў аўтамабіль «ВАЗ-2103». Неаднаразовыя патрабаванні міліцыі спыніцца, у тым ліку з выкарыстаннем гучнай сувязі, кіроўца «ВАЗа» праігнараваў. Пачаўся яго пераслед.
У адной з вёсак раёну п’яная кампанія выскачыла з аўтамабіля і кінулася ўцякаць. Міліцыянт дагнаў аднаго з уцекачоў. Аднак на дапамогу затрыманаму падаспеў ягоны стрыечны брат – другі ўдзельнік п’янай кампаніі. Ён ударыў міліцыянта. Падчас бойкі браты адкрыта выкралі ў апошняга мабільны тэлефон і ліхтарык. Яны ўцяклі, а затым скралі службовы міліцэйскі аўтамабіль. Адзін з абвінавачаных, які сеў за стырно, не справіўся з кіраваннем, аўтамабіль перакуліўся. Браты выбраліся з аўта і ўцяклі. На наступны дзень іх затрымала мілыцыя.
Трэцяга ўдзельніка п’янай кампаніі другі міліцыянт затрымаў на месцы здарэння, калі першы спрабаваў уцячы пасля спынення аўтамабіля. Яго прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасці.
МЛ, паводле БелаПАН