Актывіст, затрыманы на Дзяды ў майцы „Лукашэнка, сыходзь!”, трапіць за краты


Сёння ў Менску слухалася справа Юрыя Рубцова, якога абвінавачваюць у непадпарадкаванні працаўнікам міліцыі. Суд пакараў актывіста 3 днямі арышту.

{movie}Юры Рубцоў: У Беларусі такую майку нельга зрабіць|right|13170{/movie}

Юрый Рубцоў – не актывіст якой-небудзь палітычнай партыі, але ўваходзіць у незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці. Ён прыехаў у Менск з Гомля адмыслова для ўдзелу ў акцыі з нагоды дня памяці продкаў Дзяды. Падчас акцыі ён быў апрануты ў майку, у якой спераду напісана: «Лукашэнка, сыходзь», а ззаду: «Чатыры разы прэзідэнт. – Не, гэта не прэзідэнт, а цар-самазванец!». Перад пачаткам шэсця працаўнікі міліцыі рэкамендавалі Рубцову зняць майку, каб запабегчы інцыдэнтаў, аднак ён адмовіўся, спасылаючыся на тое, што законаў, якія забараняюць насіць такое адзенне, у Беларусі няма.

Гамельчука затрымалі неўзабаве пасля мітынгу непадалёк урочышча Курапаты на вачах у журналістаў – чацвёра людзей у цывільным пасадзілі яго ў мікрааўтобус і павезлі.

Падчас судовага працэсу, які вядзе суддзя Дзмітрый Паўлічэнка, адвакат Юрыя Рубцова паказаў на памылкі пры складанні пратаколу, сярод іншага, на адсутнасць подпісу самога затрыманага.

Заслухалі паказанні сведак. Працаўнікі органаў унутраных справаў Пеляпейка і Герман паведамілі, што пры затрыманні яны паказалі Рубцову службовае пасведчанне, але ён аказваў супраціў.

Сведкі абароны, у сваю чаргу, заявілі, што ў момант затрымання працаўнікі міліцыі былі апранутыя ў цывільнае, не паказалі службовых пасведчанняў і не патлумачылі прычыны затрымання, якое, да таго ж, праводзілася ў грубай форме.

У судзе Юрый Рубцоў – у той самай майцы, у якой быў на мітынгу.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў