Умацаванне межаў ці пазіцыяў сына? Хто ўзначаліць Савет бяспекі?


Чаму Леанід Мальцаў змяніў пасаду і ці чакае Віктара Лукашэнку кар’ерны ўздым?

Яшчэ чарніла не паспела высахнуць на ўказе Лукашэнкі аб вызваленні ад пасады дзяржсакратара Саўбезу Леаніда Мальцава, як адразу паплылі чуткі пра будучае павышэнне Віктара Лукашэнкі, які нібыта мае намер узначаліць Савет бяспекі.

Тым часам генерал-палкоўніка Мальцава адправілі «ўмацоўваць межы», бо нават пасля «мядзвежага дэсанту» раз-пораз нашу мяжу незаконна міне нейкі самалёт.

Не выключана, што ўкраінскі самалёт, які нібыта перавозіў кантрабандныя цыгарэты ва Украіну, але з невядомых прычынаў трапіў у аварыю, якраз і стаў нагодаю прызначэння Мальцава на новую пасаду. Усталяваць «жэстачайшы» парадак папярэдніку Мальцава не ўдалося.

Але ёсць і іншыя версіі змены дыслакацыі спадара Мальцава – расчыстка плацдарму для Віктара Лукашэнкі. «Амаль для кожнага, хто сочыць за тым, што адбываецца ў Беларусі, цалкам чакана, што сакратаром СБ [Савету бяспекі – «Белсат»] могуць прызначыць Віктара Лукашэнку. Ну, што ж, працэсы ў краіне набіраюць уласцівую для такіх рэжымаў форму», – піша ў сваім «Фэйсбуку» палітолаг Павел Усаў.

З ім пагаджаецца вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін, які мяркуе, што кіраўнік Памежкамітэту – гэта апошняя пасада Леаніда Мальцава перад пенсіяй. А вось палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі сумняецца, што «бацька» рыхтуе нейкую стартавую пляцоўку для свайго сына.

Пасаду кіраўніка, і не толькі Савету бяспекі, Віктару Лукашэнку прадказвалі ўжо не раз.

Напрыклад, пасля пераводу ў Венесуэлу былога сакратара Саўбезу Віктара Шэймана. Аднак у 2008 годзе ягонае месца заняў актуальны на той момант кіраўнік КДБ Юрый Жадобін. Што праўда, шмат на сваёй пасадзе Юрый Віктаравіч не пратрымаўся і ў 2009 годзе яго прызначылі… міністрам абароны. Міністэрскае месца для яго вызваліў той самы Мальцаў, якога цяпер адправілі зрабіць нашую мяжу непрыступнаю, як кітайская сцяна.

Калода чыноўнікаў

У сувязі з недахопам кадраў ва ўладзе, што няцяжка заўважыць, – адныя і тыя ж твары мяняюць мундзіры з пракурорскіх марынарак на судзейскія мантыі і наадварот, з «каральна-праваахоўных» органаў перабіраюцца ў дыпламаты, а пасля ідуць у бізнес ці ўзначальваюць федэрацыю па біятлоне ці тэнісным спорце. Так ці інакш у большасці выпадкаў такія ператасоўкі выглядаюць як затыканне кадравых дзірак.

Аляксандр Класкоўскі тлумачыць гэтыя ператасоўкі страхамі Лукашэнкі. Паводле Класкоўскага, кіраўнік Беларусі страшэнна баіцца кланаў, груповак і менавіта таму выкарыстоўвае гэтак званую «сталінскую мадэль» – большасць беларускіх высокапастаўленых чыноўнікаў доўга на сваіх месцах не затрымліваюцца. Не варта шукаць слядоў Віктара Лукашэнкі і ягонага «клану» ў змене месца працы Леаніда Мальцава. «Увогуле клан Віктара – гэта міф, прыдуманы беларускімі палітолагамі, каб хоць неяк разбавіць шэрую рэчаіснасць беларускай палітыкі», – тлумачыць Класкоўскі.

Хто раней узначальваў Савет бяспекі і куды падзеліся яго кіраўнікі?

 Дзяржсакратар Савета бяспекі 1994–2000 / 2006–2008 Віктар Шэйман

Шэры кардынал беларускай палітыкі. Блізкі сябар кіраўніка краіны. Паспеў пабыць Генпракурорам, як і шэраг яго паслядоўнікаў прайшоў працэдуру «ініцыяцыі» ў Адміністрацыі прэзідэнта. У 2008 паніжаны да рангу памочніка прэзідэнта.

2000–2001 Урал Латыпаў

Адразу пасля Савету бяспекі ўзначаліў Адміністрацыю прэзідэнта. Распрацаваная ім у 1999 годзе праграма нармалізацыі адносінаў з Захадам правалілася. З 2006 года займаецца топ-менеджментам.

2001–2006 Генадзь Нявыглас

Паўтор кар’ернай лесвіцы Урала Латыпава. У 2006-м займае пасаду кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі. Цяпер – у спісе асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕЗ. Да 2011 г. узначальваў «Беларускую федэрацыю футболу».

2008–2009 Юрый Жадобін

Заняў пасаду дзяржсакратара Савету бяспекі пасля непрацяглага кіравання КДБ. Потым яго прызначылі міністрам абароны. Прыйшоў на месца Леаніда Мальцава, якога накіравалі ў Савет бяспекі.

2009–2013 Леанід Мальцаў

Прафесійны вайсковец. Пры Лукашэнку быў нязменным міністрам абароны. У 2003 годзе ўзнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме». Пасля Савету бяспекі накіраваны на пасаду кіраўніка Дзяржпамежкамітэту.

Чым займаецца Савет бяспекі?

Савет бяспекі – гэта калегіяльны орган улады. Пастанову аб яго стварэнні падпісаў Станіслаў Шушкевіч (дэ-факта першы кіраўнік незалежнай Беларусі).

У склад Савету ўваходзяць кіраўнікі абсалютна розных дзяржаўных установаў (міністр фінансаў, міністр абароны, генпракурор, кіраўнік Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту, міністр замежных справаў і гэтак далей), то і функцыі ў Савету бяспекі, можна сказаць, глабальныя. Ад каардынацыі дзейнасці праваахоўных органаў і распрацоўвання ваеннай дактрыны нашай краіны ў мірны час, да пытанняў вайсковай мабілізацыі ды кіраўніцтва хадою ваенных дзеянняў у выпадку пачатку вайны.

Post Scriptum

Паводле вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна, чакаць вяртання шэрага кардынала (Віктара Шэймана) не даводзіцца. Бо сама пасада вымагае адукаванасці, тлумачыць эксперт. Паводле палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, хутчэй за ўсё, пасаду зойме звычайны статыст/кар’ерыст. Іх, дарэчы, у беларускай сістэме кіравання большасць.

Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў