Дзяды ў Швейцарыі. Нечаканае знаёмства ля магілы Магдалены Радзівіл


Аб’яднанне беларусаў Швейцарыі ў суботу 2 лістапада наведала магілу славутай беларуская дзяячкі і мецэнаткі княгіні Магдалены Радзівіл.

Беларуская арыстакратка знайшла спачын у далёкай Швейцарыі, дзе яе пахавалі на тэрыторыі жаночага кляштару Маці Божай з Кармэлю (Notre-Dame du Carmel) у вёсцы Бюрглен (Bourguillon), што ў кантоне Фрыбур (Fribourg).

Беларусы з усёй Швейцарыі з’ехаліся сюды, каб ушанаваць памяць знакамітай зямлячкі.

Манаская супольнасць сясцёр-кармэлітак вельмі сардэчна сустрэла беларусаў, арганізавала для іх невялікую экскурсію па царкве і кляштары. Сябры Аб’яднанне Беларусаў Швейцарыі прыбралі магілу княгіні і ейных родных, запалілі знічы ды ўсклалі кветкі. На магіле актывісты ўсталявалі таксама шыльдачку з выяваю гербу Радзівілаў.

Перад прысутнымі выступіў сакратар Аб’яднання Сяргей Сіроткін. Ён распавёў пра жыццё і дзейнасць Магдалены Радзівіл, якая ахвяравала значныя сродкі на выданне беларускіх кніг і газет, дапамагала беларускім арганізацыям і студэнтам, была заангажаваная ў адраджэнне беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Падчас урачыстасцяў да беларускай грамады далучылася старэйшая пара, каб запаліць знічы. Аказалася, што да магілы Магдалены Радзівіл завітаў разам з жонкаю ейны праўнук – спадар Бурпон. Ён штогод на Дзяды прыязджае на магілу сваёй прабабулі. Беларусы, узрушаныя неспадзяванаю сустрэчаю, пачалі распытваць спадара Бурпона пра ягоную прабабку ды ўзгаднілі наступную сустрэчу, каб запісаць успаміны пра княгіню Магдалену.

«Мы былі вельмі ўзрушаныя, бо гэта быў нейкі цуд», – зазначылі ўдзельнікі святкавання.

Аб’яднанне беларусаў Швейцарыі, belsat.eu

Стужка навінаў