Сабачая мода ды закутыя «смяротнікі». Як афіцыйна адзначылі дзень святога Губэрта (Фотарэпартаж)


Гарадзенскія ўлады ўпершыню зладзілі ўрачыстасці, прысвечаныя апекуну Горадні. Дасюль пяць гадоў запар Дні св. Губэрта праводзіла толькі гарадзенская дэмакратычная супольнасць.



Ідэя адзначаць Дні св. Губэрта – апекуна Горадні – узнікла ў асяроддзі, звязаным з кніжнай серыяй «Гарадзенская бібліятэка» шэсць гадоў таму. Штогод арганізатары пры рыхтаванні грамадскіх Дзён св. Губэрта зазнавалі перашкоды: у апошні момант ім адмаўлялі ў памяшканні для правядзення міжнароднай навуковай канферэнцыі, удзельнікам не давалі беларускай візы і г. д. Сёлета ж улады пастанавілі правесці свае святкаванні. Афіцыйныя імпрэзы ўяўлялі сабою стылёвае асарці: ад паказаў сабачай моды, дзе можна было пабачыць хатніх гадаванцаў у строях памежніка ці нявесты, да выступлення рыцарскіх клубаў і частавання шашлыком.



Гарадзенская абласная бібліятэка імя Яўхіма Карскага падрыхтавала літаратурную выставу «Алень святога Губэрта – сімвал душы Горадні». У сваю чаргу некаторыя гандлёвыя пункты заклікалі кліентаў прыдбаць і пакаштаваць свежае мяса аленя.

Шмат хто з удзельнікаў адгукнуўся на прапанову бясплатна пастраляць з лука або пакідаць нажы ў вызначаную мэту. У цэлым жа, шмат хто з гасцей афіцыйнага свята адкрыта нудзіліся.

Сёлета грамадскія святкаванні дня св. Губэрта распачнуцца 5 лістапада. Гарадзенцаў чакае чарговая міжнародная навуковая канферэнцыя «Гарадзенскі соцыум: гісторыя і памяць», шэраг мастацкіх выставаў, прэзентацыяў ды іншых імпрэзаў.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў