Шэсце і мітынг на Дзяды


Сёлета ў шэсці ды мітынгу ўзялі удзел некалькі сотняў асобаў. Прапаноўваем вашай увазе самыя важныя моманты, фота і відэа з Дзядоў-2013.



Менскі гарвыканкам дазволіў Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ правесці ў Дзень памінання продкаў, на Дзяды, шэсце і мітынг на месцы масавага пахавання ахвяраў рэпрэсіяў ва ўрочышчы Курапаты.



{movie}Юры Беленькі: Калі ты гаворыш па-расейску – ты ў войску акупанта|right|13167{/movie}



15:20

Пасля мітынгу ў Курапатах непадалёк ад урочышча затрымалі Юрыя Рубцова, які быў апрануты ў майку з надпісам “Лукашэнка сыходзь”. Ззаду на майцы надпіс: “Чацвёрты раз адзін і той жа прэзідэнт — не дзякуй”.

Затрымалі Рубцова чацвёра людзей у цывільным. Двое з іх выйшлі з мікрааўтобуса, яшчэ двое ішлі следам за гамяльчанінам. Учатырох яны пасадзілі ўдзельніка акцыі ў мікрааўтобус і павезлі ў невядомым напрамку. Гэтаму спрабаваў перашкодзіць грамадскі актывіст Максім Вінярскі. Ён пацікавіўся, на якой падставе затрымліваюць удзельніка акцыі, але яго проста адштурхнулі.



14:57


Пасля некалькіх выступаў жалобны мітынг скончыўся. Удзельнікі акцыі ўскладаюць кветкі да крыжоў, запальваюць знічы. Сёння ў Курапатах таксама ўсталююць некалькі новых крыжоў, якія прынеслі ўдзельнікі шэсця…



14:31

Арганізатары зачытваюць прывітальны ліст ад Зянона Пазняка. «Дзяды – гэта адно з найважнейшых нацыянальных святаў, – гаворыцца ў лісце, – гэта свята салідарнасці з вечнасцю, свята народнага адзінства».

14:20

Калона ўваходзіць ва ўрочышча Курапаты. Тут, паводле розных ацэнак, могуць быць пахаваныя больш за 100 тыс. асобаў.

13:02

Віталь Рымашэўскі крытычна выказаўся адносна сёлетніх Дзядоў. Паводле палітыка, дэмакратычным сілам Беларусі не ўдалося прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы Курапатаў. Як адзначыў сп. Рымашэўскі, сёлета на Дзяды прыйшло троху менш людзей, чымся год таму. «У мінулым годзе было не вельмі добрае надвор’е, а цяпер – проста цудоўнае. Таму спісаць усё на надвор’е не атрымаецца», – сказаў палітык.

12:01

Удзельнікі шэсця дайшлі да станцыі метро «Усход» і будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Людзі нясуць кветкі ды знічы, каб ушанаваць памяць пахаваных у Курапатах. Арганізатары сёлетняй акцыі заўважаюць, што на Дзяды прыйшло шмат маладых людзей.

Праз тое, што ў некаторых месцах па маршруце даволі вузкія ходнікі, калона расцягнулася. Шмат сцягаў, некаторыя ўдзельнікі нясуць самаробныя транспаранты.

11:23

У шэсці бяруць удзел некалькі сотняў асобаў. Яны нясуць сцягі і драўляныя крыжы, якія ўсталююць у Курапатах на месцы пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Міліцыянты ў цывільным назіраюць за шэсцем і здымаюць удзельнікаў на відэа.

11:00

Рушыла шэсце да Курапатаў.

10:47

На месцы збору – каля 100 удзельнікаў, сярод іх – палітыкі Зміцер Дашкевіч («Малады Фронтм), Аляксей Янукевіч, Рыгор Кастусёў (Партыя БНФ), Юры Беленькі (КХП БНФ).

{movie}”Дзяды”. Збор удзельнікаў|right|13166{/movie}

10:22

З’явіліся першыя ўдзельнікі акцыі, узнялі першыя сцягі. Раней на пляцоўку ля будынку Менскага гадзіннікавага заводу прыйшлі міліцыянты ў цывільным, сапёры ды працаўнікі ДАІ.

Намеснік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі сказаў, што ў акцыі дазволілі браць удзел да пяці тысяч асобам, гэткі высокі ліміт устанавілі, «каб не было праблемаў пры вялікай колькасці людзей». «Шэсці апошніх гадоў паказваюць, што 80 % удзельнікаў – моладзь, якая хутка ходзіць, таму да Курапатаў мы дабіраемся актыўна. Пажылыя часцей пад’язджаюць да месца грамадскім транспартам».

Апроч таго, паведаміў Беленькі, палітычныя актывісты падалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзенне 10 лістапада шэсця да Лошыцкага яру, месца пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў