Вывучаць праграмаванне па-беларуску? Цалкам магчыма!


У гэтым пераконваюць выпускнікі БДУІРу, якія стварылі першыя і пакуль адзіныя ў Беларусі курсы па ІТ-тэхналогіях на беларускай мове. «Белсат» наведаў адныя з заняткаў.

Арганізатары курсаў: «Тут нават расейскамоўныя пачынаюць размаўляць па-беларуску».

У гэтым навучальным блоку выкладаюць два прадметы – HTML5 і Photoshop. Праграмаваць вучыць адзін з сузаснавальнікаў курсаў Філіп Дайнэка, курс па фоташопе вядзе былы выкладчык ЕГУ Ягор Шумскі.

Гэтым разам на HTML прыйшлі прыблізна 30 асобаў. Пачынаюцца заняткі з правярання хатняй працы, а пасля выкладчык пераходзіць да новай тэмы. Усё вельмі жыва ды інтэнсіўна. Відавочна, што наведнікі з цікавасцю слухаюць, і спрабуюць нешта адразу рабіць на сваіх камп’ютарах.

Пакуль Філіп выкладаў, пра тое, як і навошта былі створаныя курсы, распавёў іх сузаснавальнік Раман Андрыянаў. Як высветлілася, адною з асноўных мэтаў курсаў было прасоўванне беларускай мовы сярод моладзі. І гэтая мэта дасягаецца. «Калі пачалі курс, мы з Філіпам ужо размаўлялі па-беларуску, і было натуральна выкладаць на той мове, на якой размаўляеш. І нам спадабалася ідэя, што гэта першыя ІТ-курсы на беларускай мове. Мы хацелі, каб людзі не проста вывучалі праграмаванне, а знаёміліся з моваю», – распавядае Раман.

Курсы, паводле Рамана, для некаторых становяцца штуршком, каб пачаць размаўляць на роднай мове: «Складана бывае, калі цябе ўжо ведаюць як расейскамоўнага. А тут ніхто цябе не ведае, і таму людзям прасцей. Заўважаю, што нават цалкам расейскамоўныя з цягам часу пачынаюць тут у размове ўжываць нейкія беларускія словы».

Раман пачаў размаўляць па-беларуску недзе паўтара года таму пасля паездак у Польшчу і Літву: «Там з’явілася жаданне неяк самаідэнтыфікавацца праз мову, быць беларусам. Літоўцы нам казалі з пэўнаю пагардаю, што вось вы там у Беларусі па-расейску размаўляеце, і гэта закранула».

«Калі выкладаеш па-беларуску, адчуваеш, што дапамагаеш мове».

Нават бясплатнасць курсаў задумвалася, каб прасоўваць родную мову. «Калі б нашыя курсы былі платнымі, то далёка не факт, што чалавек расейскамоўны, выбіраючы – пайсці на платныя ІТ-курсы на расейскай мове ці на беларускай – выбраў бы нас», – разважае Раман.

Для Філіпа тое, што атрымалася зрабіць курсы на беларускай мове, – амаль галоўная прычына, з якой ён на іх выкладае: ««На расейскай я б гэтыя курсы не вёў. Выкладаць на роднай мове – гэта супер! Тады маеш унутры такое адчуванне, што ты робіш нешта вельмі патрэбнае, дапамагаеш мове».

Апроч беларускай мовы, «фішка» праекту, паводле Рамана, – нефармальная атмасфера: «У нас тут стаіць імбрык – можна папіць гарбаты ці разам пайсці ў кавярню. Што важна, тут фармуецца нейкае асяроддзе людзей – яны пасябравалі, і гэтыя кантакты застаюцца, людзі пачынаюць рабіць нешта сумесна. Ствараецца супольнасць».

Курсы арыентаваныя ў асноўным на пачаткоўцаў. Як кажа Раман, яны даюць першы штуршок у ІТ і сур’ёзнае праграмаванне. З тэрміналогіяй складанасцяў не ўзнікае, а калі раптам ёсць – дапамагаюць тыя адзінкавыя дапаможнікі на беларускай, што існуюць, і англійская мова.

Слухачы: прыйшлі на курсы менавіта таму, што яны па-беларуску.

Папулярнасць курсаў расце. Выкладчыкі мусяць нават конкурс паводле матывацыяў рабіць сярод ахвочых: будучых слухачоў просяць напісаць, навошта ім курсы. Для тых, хто не можа прысутнічаць на занятках, хлопцы ствараюць анлайн-курсы.

«Я прыйшла сюды менавіта таму, што па-беларуску, – зазначае Эрыка, студэнтка 3-га курсу БДУІРу. – Такога ж няма нідзе больш, гэта клёва. Тут разглядаюцца цікавыя пытанні, і падабаецца, што гэта ўсё ў свабоднай атмасферы, незвычайнай для нас, студэнтаў. Калі што – ты можаш спытаць, і нічога табе за гэта не будзе».

Студэнты 2-га курсу БДУІРу Косця і Люба гэтым разам трапілі на курс па HTML памылкова, бо хацелі на фоташоп, але таксама засталіся задаволеныя: «Мы тут упершыню. Але нават не ведаючы, у якой праграме мы працавалі, і што рабілі, разумелі тлумачэнні выкладчыка».

На наступны навучальны блок Філіп і Раман абяцаюць новыя і цікавыя курсы. Пазнаёміцца з раскладам і сачыць за інфармацыяй можна на сайце і ў сацыяльных сетках – http://vk.com/courseby, https://www.facebook.com/courseby.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары