Статкевіча катуюць пазбаўленнем сну


Некалькі начэй запар ахоўнікі не дазвалялі Мікалаю Статкевічу заснуць – рэгулярна грукалі нагамі ў дзверы камеры ды крычалі.

«Як мне стала вядома, некалькі начэй запар былі спробы не даць спаць ноччу Міколу і ягонаму суседу: білі кожныя 10–15 хвілінаў металічнаю «шторкаю» па дзвярах камеры, білі нагамі ў дзверы, крычалі, – паведаміла сайту Statkevich.org жонка палітвязня. – Хутчэй за ўсё, гэта была спроба не даць выспацца ноччу, каб прымусіць Мікалая заснуць удзень. Наколькі мне вядома, сусветная практыка расцэньвае такія дзеянні як катаванні. Раней ужо яго каралі за ўяўны дзённы сон. А ў сваёй заяве ў пракуратуру ён апісаў гэту сітуацыю са знішчальнай іроніяй. Магчыма, гэта помста».

Скарга ў Генеральную пракуратуру была звязаная з тым, што экс-кандыдата на прэзідэнта змушаюць узяць на сябе віну за арганізацыю масавых закалотаў. Палітвязень таксама абскарджвае папярэджанні і спагнанні ад адміністрацыі Магілёўскай турмы. Аднак пракуратура ў заяўленых парушэннях разбірацца не жадае і таму ўсе скаргі скіроўваюць у Дэпартамент выканання пакаранняў.

Статкевіча рэгулярна кідаюць у карцар, саджаюць у адную камеру з хворым на СНІД, абмяжоўваюць у кантактах і сустрэчах са сваякамі.

Гэтак, аднойчы палітвязня пасадзілі ў ізалятар на пяць содняў праз тое, што пры ператрусе ў яго знайшлі дзве насоўкі, пазначаныя вязнем як «гігіенічныя прылады», што расцанілі як грубае парушэнне. Пасля гэтага Статкевіча абмежавалі ў штомесячных набытках сумаю Br 100 тыс.

Аднак экс-кандыдат усцяж заяўляе пра сваю невінаватасць і не падпісвае прашэння аб памілаванні.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў