Юрась Беленькі: Дзяды ў 1988-м планавалі расстраляць


Пра першую масавая вулічную акцыю – Дзяды, якую 25 гадоў таму жорстка разагналі праваахоўнікі, Святлана Калінкіна гутарыць з намеснікам старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрасём Беленькім.

Паводле госця «Размовы Калінкінай», напрыканцы 1980-х Беларусь з пункту гледжання савецкай наменклатуры была знішчаная. «Афіцэры КДБ – я ў «Талацэ» быў – яны прыходзілі і казалі: «Адкуль вы такія ўзяліся?! Вас не павінна было ўжо быць! Марксізм-ленінізм – за тое, каб усе нацыі зліліся, а вы выступаеце за беларускую мову, за адраджэнне Беларусі».

{movie}Юрась Беленькі ў “Размове Калінкінай”|right|13158{/movie}

Нацыянальна свядомая інтэлігенцыя была «расцярушаная». Каталізатарам аб’яднання, зазначае спадар Беленькі, стаў артыкул Зянона Пазняка «Курапаты – дарога смерці». 30 кастрычніка 1988 года лідар БНФ сабраў сваіх аднадумцаў на Дзяды.

Юрась Беленькі працаваў тады начальнікам фінансавага аддзелу заводу «Ударнік» (канцэрн «Амкадор») у Менску. Напярэдадні акцыі яго выклікаў дырэктар: «Твае ўлёткі? Ведай: загінуць нашыя заводскія людзі – ты будзеш вінаваты». Паводле суразмоўцы, толькі калі ён стаў дэпутатам на пачатку 1990-х, даведаўся ад маёра міліцыі, што планавалі страляць. «Выдадзеныя былі баявыя патроны і планавалі ўчыніць крывавую расправу.., уводзіць надзвычайнае становішча».

Калі людзі сабраліся, на вуліцы выставілі вадамёты і жаўнераў у касках. «Было відавочна, што людзі могуць не вытрымаць. І – мудрае рашэнне – Зянон Пазняк заклікае: пайшлі на Курапаты! Ён выводзіць людзей з-пад удару», – узгадвае Юрась Беленькі. Сілавікі паехалі следам. «А Зянон прапануе мітынг у полі». Акцыю атачылі міліцыянты – курсанты Менскай школы міліцыі (цяпер Акадэмія МВД), стаяць вакол нас, і я бачу, што ў асноўным па знешнім выглядзе гэта каўказцы», – працягвае госць праграмы. Паводле яго, збройнага разгону ўдалося запабегчы дзякуючы таму, што Пазняк заклікаў не паддавацца правакацыям і назваў усіх прысутных «сынамі зямлі беларускай», пасля чаго напружанне спала.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў