За крытыку міліцыянтаў блогер атрымаў штраф і пагрозу крымінальнай справы


У Бабруйску сёння судзілі мясцовага блогера Алега Жалнова. На сваёй інтэрнэт-старонцы ён неаднаразова распавядаў пра перавышэнне службовых паўнамоцтваў мясцовай міліцыяй. Як вынік, атрымаў штраф і пагрозу крымінальнай справы. Чым не спадабаліся допісы бабруйчаніна мясцовым праваахоўнікам?

Алег Жалноў, як кажуць, “дастаў” бабруйскіх міліцыянтаў. Тры гады ён паслядоўна здымае на відэакамеру парушэнні працаўнікоў мясцовай міліцыі. Сярод іншага і тое, як правілы дарожнага руху парушаюць самі бабруйскія ДАІшнікі. Апошні інцыдэнт адбыўся два месяцы таму. Жалноў разам з сынам праходзілі каля будынку ДАІ, там блогер зняў няправільна прыпаркаваныя два аўтамабілі.
{movie}Трэцяя справа Жалнова|right|13157{/movie}
Інспектар Аляксандр Бутоўскі складаць пратакол аб парушэнні адмовіўся, замест гэтага паклікаў сваіх калегаў, якія зацягнулі блогера з сынам у будынак ДАІ. Ужо там Жалнова абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыянтам.

АЛЕГ ЖАЛНОЎ, БЛОГЕР:
“Паводле гэтага артыкулу гэта ўжо трэцяя справа. Адна справа была адмененая судом, другая адмененая УУС. Цяпер трэцяя справа, і на падыходзе яшчэ чацвёртая”.

На відэа з камераў назірання бачна, што Жалноў супраціву не аказваў. Наадварот, фізічную сілу ўжылі супраць яго. Гэтыя кадры блогер атрымаў у Следчым камітэце, але суддзя Наталля Чарапуха іх да справы не далучыла і адмовілася праглядаць. Наагул, кажуць назіральнікі, падчас судовага паседжання яна паводзіла сябе надзвычай агрэсіўна.

АНАТОЛЬ САНАЦЕНКА, ЖУРНАЛІСТ:
“Суддзя давала слова міліцыянтам, слухала іх цалкам, а заўвагаў Алега Жалнова яна не брала да ўвагі, абрывала яго на паўслове і казала, што гэта “не па сутнасці заўвагі”.

Адзін з міліцыянтаў, які затрымліваў блогера, увогуле ледзь не кіраваў суддзёю.

АЛЕГ ЖАЛНОЎ, БЛОГЕР:
“Працаўнік Аляксандраў Аляксандр – маёр міліцыі, якому я нібыта не падпарадкоўваўся, ён крычаў на суддзю, камандаваў ёю і казаў, што ёй трэба рабіць, і суддзя спакойна гэта ўспрыняла”.

Урэшце сёння суд прызнаў блогера вінаватым і аштрафаваў на 2 600 000 рублёў. Блізкія чакалі горшага. Сын нават прыйшоў у суд з цёплымі рэчамі.

Але на гэтым кропкі ставіць нельга. Апроч адміністратыўнай адказнасці блогеру пагражае крымінальная справа. Маёр Яўген Сераштанаў абвінавачвае Жалнова ў тым, што відэа, якое публікуе Жалноў, зневажае рэпутацыю міліцыянта. На гэтай падставе на мінулым тыдні ў Жалнова правялі сямігадзінны ператрус. Вынеслі абсалютна ўсе носьбіты інфармацыі. Але ў міліцыі відэа папросту знікае, кажа блогер, каментуючы сённяшні вырак.

АЛЕГ ЖАЛНОЎ, БЛОГЕР:
“Кепска тое, што суд адкінуў відэа, якое ўзялі ў СК. Плюс, калі матэрыялы справы патрапілі з суда ў міліцыю, дыск замянілі. На дыску з такою самаю назваю запісанае вяселле не вядомага мне чалавека. Куды падзеўся той дыск, суддзя не захацела высвятляць”.

Скандалы з удзелам бабруйскай міліцыі здараюцца не ўпершыню. Улетку падчас святкавання Дня гораду і паказных выступаў мясцовага спецназу міліцэйская “Газель” заехала наўпрост у натоўп гледачоў, траўму атрымала 22-гадовая дзяўчына. Крымінальнай справы супраць міліцыянтаў не распачыналі, нягледзячы на тое, што Следчы камітэт не знайшоў ніякіх няспраўнасцяў у аўтамабілі.

Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”, belsat.eu
https://youtu.be/weaGeePdQ2w

Глядзі таксама
Каментары