У Магілёве зноў дыскутуюць, ці варта ўшаноўваць памяць пра цара Мікалая ІІ


Тапанімічная камісія пры Магілёўскім гарвыканкаме прапануе ўшанаваць памяць Мікалая ІІ альбо мемарыяльнай дошкаю, альбо памятным камнем. Абраны знак збіраюцца размясціць на Магілёўскім замчышчы альбо непадалёк ад яго.



Не выключана, што ў Магілёве можа з`явіцца і бюст Мікалая ІІ. Калі такое адбудзецца, то помнік расейскаму цару стане першым у Беларусі. Пра намеры ўвекавечыць памяць Мікалая ІІ стала вядома з газеты гарвыканкаму “Вестник Могилева”. Паводле газеты, тапанімічная камісія разглядалася пытанне, ці трэба ў Магілёве бюст расейскага самадзержца.

Як удалося высветліць, сябры камісіі прагаласавалі супраць усталявання помніка цара, аднак выказаліся за тое, каб у Магілёве было адзначана, што тут была стаўка галоўнакамандуючага расейскімі войскамі ў 1915—1917 гадах з пазнакай, што ім быў Мікалай ІІ. У канчатковым рашэнні камісіі згадкі пра бюст няма — толькі пра дзве альтэрнатывы — мемарыяльную дошку ці памятны камень.

Супраць усталявання мемарыяльных знакаў у гонар Мікалая ІІ катэгарычна выступіла магілёўская пенсіянерка Вольга Уліцёнак, выказаўшы сваю пазіцыю старшыні гарвыканкаму Уладзіміру Цумараву.

Ягоныя штыкі былі скіраваныя супраць народу, — тлумачыць сваю пазіцыю Вольга Уліцёнак. — Ён народ сутыкнуў з народам. Чым ён за 23 гады свайго царавання адзначыўся? Яго народ назваў Крывавым. Як можна ягоную памяць увекавечваць?

З адказу Цумарава пенсіянерцы вынікае, што канчатковага рашэння гарвыканкам не прыняў і пытанне вынесуць на грамадскае абмеркаванне. Чыноўнік, аднак, падкрэсліў: “Не трэба забываць, што ў Магілёве месцілася стаўка Мікалая ІІ, а праваслаўная царква кананізавала гэтага цара“.

Палеміка пра ўвекавечванне апошняга расійскага цара пачынаецца ў Магілёве не ўпершыню. У 2009 годзе ўжо збіраліся ў горадзе ўсталяваць ягоны бюст, падараваны кіраўніцтвам раёну Сакаліная Гара Усходняй адміністрацыйнай акругі Масквы. Пасля пратэсту магілёўцаў бюст хоць і прывезлі ў Магілёў, але схавалі ў музеі. Гарвыканкам тады мусіў прызнаць, што стаўленне да асобы Мікалая ІІ у жыхароў горада неадназначнае.

Мінакі на магілёўскай вуліцы Ленінскай прызнаюць, што Мікалай ІІ — гістарычная асоба, аднак кажуць, што ён — не персанаж з беларускай гісторыі і варта было б лепш ушанаваць памяць нацыянальных герояў.

МЯ, паводле БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў