Дзяды на магілах вядомых беларусаў за мяжою (Абноўлена)


У суботу, 2 лістапада, ушанаваць памяць вядомых землякоў, пахаваных на чужыне, сабраліся беларусы Варшавы, Вільні, Прагі. Хто і дзе пахаваны з вядомых людзей, якімі могуць ганарыцца беларусы, – чытайце ў матэрыяле “Белсату”.



Варшава
Варшаўскія беларусы на чале з кіраўніком ініцыятывы «Беларуская нацыянальная памяць» Анатолем Міхнаўцом наведалі вядомыя могілкі Старыя Павонзкі (Stare Powązki). Тут знайшлі апошняе прыстанішча кампазітар Станіслаў Манюшка, нарачоная Кастуся Каліноўскага Марыя Ямант, фатограф Ян Булгак, майстар польскага рэпартажу родам з Пінску Рышард Капусьціньскі, пісьменнік Тадэўш Далэнга-Мастовіч (Tadeusz Dołęga-Mostowicz) – аўтар вядомай экранізаванай у Польшчы аповесці «Знахар», журналіст і літаратар Адам Плуг (сапр. Пяткевіч).
На вайсковых могілках ў раёне Павонзкі можна знайсці сімвалічную магілу Станіслава Булак-Булаховіча (там пахаваны ягоны сын; дзе ляжаць парэшткі самога легендарнага генерала, невядома).
На паўночных камунальных могілках у Варшаве пахаваны паплечнік генерала Булак-Булаховіча, вайсковы і грамадска-палітычны дзеяч, настаўнік Цімох Хведашчэня.
Праваслаўныя могілкі польскай сталіцы сталі месцам апошняга супакою для дзеяча Саюзу беларускай моладзі, які пасля вызвалення з ГУЛагу эміграваў у Польшчу, пісьменніка і літаратурнага крытыка Янкі Жамойціна. Тут жа пахаваныя пісьменніца Алена Анішэўская і прадзед Паўла Севярынца, які быў праваслаўным святаром.
На могілках у горадзе Пясэчна (Piaseczno) пад Варшаваю актывісты Беларускай нацыянальнай памяці знайшлі магілу беларускага каталіцкага святара Вячаслава Аношкі. У іншым падваршаўскім горадзе – Отвацку – магіла жонкі Яна Пазняка – аднаго з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі на пачатку ХХ ст., дзеда Зянона Пазняка.
Вільня
2 лістпада беларусы наведалі могілкі Росы. А 1 лістапада ў Вільні маладзёны зарганізавалі талаку ля помніку паўстанцам 1863 года на Лукішках, а таксама на пахаваннях славутых суайчыннікаў на могілках Росы. Тут пахаваныя ключавыя для гісторыі беларускай незалежнасці постаці – Іван і Антон Луцкевічы, драматург Францішак Аляхновіч, пісьменнік Ядвігін Ш., асветнікі Казімір Сваяк і Альбін Стаповіч.
«Штогод беларусы адведваюць магілы сваіх дзеячаў, − распавядае Кірыл Атаманчык, старшыня арганізацыі «СтудАльянс». − Прыемна, калі прыходзіш і заўважаеш, што магілка прыбраная, што ляжаць кветкі, пастаўленыя знічы».

Ёсць і магілы, пра якія разам з беларусамі дбаюць літоўцы і палякі. Напрыклад, Яўхіма Лелявеля, Уладзіслава Сыракомлі, бацькоў Марыі Ямант, Аляксандра Аскеркі, Уладзіслава Талочкі.

На Росах таксама пахаваныя менш вядомыя, але не менш значныя для нашай краіны асобы: пісьменнік Уладзіслаў Паўлюкоўскі, асветнік Станіслаў Станкевіч і архітэктар Леў Вітан-Дубейкаўскі.

Некаторыя з помнікаў патрабуюць рэканструкцыі або поўнай замены. Бадай у найгоршым стане аказаўся помнік Францішку Аляхновічу: недаўгавечны матэрыял пакрываецца расколінамі ды паступова рассыпаецца.

Лондан
У Лондане на 2 лістапада запланавалі асвячэнне крыжа на месцы закладання беларускай царквы святога Кірылы Тураўскага і паніхіду за супакой душаў усіх памерлых продкаў. Месца спаткання – пляц за Марыянскім домам (Marian House). Пачатак а 14.00.
Прага
Беларуская грамада сабралася 2 лістапада ля царквы на Альшанскіх могілках, каб ушанаваць памяць прэзідэнтаў Рады БНР Пётры Крачэўскага, Васіля Захаркі ды спевака Міхася Забэйды-Суміцкага.
Фрайбург (Швейцарыя)
Беларусы Швейцарыі, каб узгадаць дзядоў, сабраліся ля жаночага кляштару Нотр-Дам-дзю-Кармэль (Notre-Dame du Carmel) у в. Бюрглен (Bürglen) у кантоне Фрайбург (Freiburg).

Н.Я., AK, belsat.eu

Стужка навінаў