Улады Беларусі наракаюць на Крэмль


На Крэмль наракаюць улады Беларусі! «Менскі аўтамабільны завод нясе страты, бо Расея абмежавала імпартаванне сельскагаспадарчай тэхнікі», – распачаў віцэ-спікер Уладзімір Сямашка. «Недаатрымалі амаль паўмільёна тонаў нафты», – працягваюць у Міністэрстве эканомікі. Беларусь будзе абараняцца, заяўляюць чыноўнікі, але ці сапраўды Расея нападае?
{movie}Гармоніі не будзе? (31.10.2013) |right|13140{/movie}
У 2010 годзе Беларусь апошняю далучалася да Мытнага саюзу…

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ТАГАЧАСНЫ ПРЭМ’ЕР РАСЕІ (28.05.2010): «На жаль, пакуль беларускі бок не пацвердзіў гатовасці падпісаць неабходныя дакументы».

Пасля – мела найбольш прэтэнзіяў да яго функцыянавання. Месяц таму ў Астане кіраўнік Беларусі заявіў, што Расея аднак мусіць забяспечыць раўнапраўе ўдзельнікаў Мытнага саюзу.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ (01.10.2013): «Ёй давядзецца свае абяцанні рэалізоўваць. Калі мы нешта недапрацавалі, то мы сарвем пачатак функцыянавання Еўразійскага эканамічнага саюзу».

…Праект Крамля мае задзеяць ужо праз 13 месяцаў, нагадваў сёння дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў віцэ-прэм’ер Беларусі, калі агучваў страты Менску ад недасканаласці законаў Мытнага саюзу.

УЛАДЗІМІР СЯМАШКА, ВІЦЭ-ПРЭМ’ЕР БЕЛАРУСІ: «Нядаўна прынялі закон Расейскай Федэрацыі пра тое, што ўтылізацыйны падатак будуць збіраць згодна з краінаю назначэння. Калі нічога не рабіць, для беларускіх вытворцаў і ў прыватнасці МАЗу гэта азначае страты канкурэнтаздольнасці на 18–20 % кошту».

Губляем таксама праз абмежаванне Расеяй рынку для беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. Прынцып свабоды таваразвароту ў Мытным саюзе Расея парушае, бо Беларусь парушае прынцып рынкавай эканомікі, кажа эканаміст, бо датуе свае прадпрыемствы.

ЛЕЎ МАРГОЛІН, ЭКАНАМІСТ: «Расейскія вытворцы з гэтым мірыцца не хочуць і вымагаюць ад свайго ўраду нейкіх дзеянняў у адказ. Я не думаю, што Расея робіць нейкія мэтанакіраваныя крокі ў тым каб абмежаваць беларускі экспарт, бо яна ў гэтым не зацікаўленая».

Наракаючы на «саюзнікаў», Уладзімір Сямашка загадаў памятаць пра рынкі далёкага замежжа. Еўропа набывае перадусім прадукты, зробленыя ў Беларусі з расейскае нафты. І акурат з нафтаю цяпер праблема.

АНАТОЛЬ ФІЛОНАЎ, 1-Ы НАМЕСНІК МІНІСТРА ЭКАНОМІКІ: «Мы недаатрымалі некаторыя аб’ёмы нафты ў верасні і кастрычніку. У верасні фактычна недаатрымалі 400 тысячаў тон».

Развязваць пытанне днямі будуць з Міністэрствам энергетыкі Расеі. Паралельна ўлады актывізуюцца ў пытанні далучэння Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Сярод незалежных экспертаў ёсць і прыхільнікі, і праціўнікі гэтай ідэі.

КІРЫЛ КОКТЫШ, ПАЛІТОЛАГ, МАСКВА: «Пакуль галоўным пакупніком на Усходзе ёсць Расея, а Еўразвяз – асноўны пакупнік тавараў беларускае нафтаперапрацоўкі: ніякага выйгрышу ад далучэння да СГА Беларусь не атрымае. А страціць можа амаль ува ўсіх сегментах сваёй эканомікі».

Але чыноўнікі пераконваюць, што ўдзел у СГА зраўняе нас з Расеяй, якая далучылася да арганізацыі і замест беларускіх пачала набываць болей танныя тавары з усяго свету.

Юлія Цяльпук, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў