Калі ласка, не дазвольце вашаму сабачку звар'яцець


Перамагчы смяротную інфекцыю. У Беларусі пачынаецца восеньскі этап вакцынацыі дзікіх жывёлінаў супраць шаленства. Аднак не менш сур’ёзнаю праблемаю застаецца абарона і хатніх улюбёнцаў. Як пазбегнуць небяспечнай хваробы?
{movie}Супраць шаленства (31.10.2013) |right|13139{/movie}
Хатні ўлюбёнец – гэта не толькі гульня і радасць, але і велізарная адказнасць. Менавіта пра гэта бясконца нагадваюць уладальнікам братоў меншых ветэрынары. Адзін з галоўных элементаў апекі над жывёлінамі – штогадовыя прышчэпкі.

ДЗМІТРЫЙ ГАЙДА, НАМ. ГАЛОЎНАГА ВЕТЭРЫНАРА ГОРАДНІ: «У Беларусі ўзаконілі толькі адну прышчэпка, якую мусяць рабіць усе гаспадары хатніх жывёлінаў – гэта прышчэпка супраць шаленства».

Пра гэтую небяспечную хваробу ізноў сур’ёзна загаварылі ў Горадні. І не дзіва. Сёлета на Гарадзеншчыне выявілі чатыры асяродкі захворвання. Восеньскі перыяд актывізуе і мікраспарыю, простымі словамі – лішай.

АНЖЭЛА СІДНЕВА, ГАРАДЗЕНСКІ КІНАЛАГІЧНЫ ЦЭНТР:
«Хочацца папярэдзіць, каб дзеці і падлеткі вельмі ўважліва ставіліся да чужых катоў і сабакаў. Каб пазбегнуць сур’ёзных праблемаў, лепш іх не гладзіць».

Больш сур’ёзныя захады абяцаюць гарадзенскія ўлады. У горадзе правяраюць службы, якія ловяць чатырохногіх бадзяжнікаў, а таксама гаспадароў хатняй жывёлы.

ДЗМІТРЫЙ ГАЙДА, НАМ. ГАЛОЎНАГА ВЕТЭРЫНАРА ГОРАДНІ:
«У большасць выпадкаў інфекцыі, якімі хварэюць жывёліны, на чалавека не пераносяцца. Але ёсць шэраг інфекцыяў вельмі небяспечных, якімі хварэюць і жывёла, і людзі. У гэтым выпадку гэта шаленства».

Нялечаная хвароба можа скончыцца для чалавека смерцю. Сёлета ад кантакту з інфікаванымі шаленствам жывёлінамі ў Беларусі пацярпелі 73 асобы. Паводле афіцыйных звестак, выпадкаў захворванняў сярод людзей няма. Але праблема застаецца надзвычай сур’ёзнаю. Звычайна хвароба пераходзіць на хатніх жывёлінаў у выніку кантакту з дзікімі. І тут сітуацыя выходзіць з-пад кантролю. Адзін са спосабаў узяць яе пад кантроль – абавязковая рэгістрацыя хатніх сабакаў пад пагрозаю штрафу. Са словаў уладальнікаў – працэдура няхітрая.

АЛЬБЕРТ ЗАХАРАЎ, УЛАДАЛЬНІК САБАКІ: «Мы прыйшлі ў ЖЭС, нам выдалі пасведчанне рэгістрацыі сабакі і жалезны нумарок. Усё гэта адбылося дастаткова хутка».

Але далёка не ўсе абіраюць такі шлях. Рэч у тым, што ў Беларусі за сабаку трэба плаціць штомесячны падатак. І хоць сума не перавышае адной базавай велічыні, значная частка гаспадароў хавае сваіх улюбёнцаў. Вядома, спраўдзіць наяўнасць прышчэпак супраць шаленства ў такім выпадку немагчыма. А як прызнаюць мясцовыя ЖЭСы, адмысловыя рэйды дзеля выяўлення незарэгістраваных жывёлінаў далёка не заўсёды эфектыўныя.

Ян Бабіцкі, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў