Амерыканская мара пад Берасцем


Белы плот, педантычна падстрыжаны газон, дом амаль што ў каланіяльным стылі. Кожны памятае такія кадры з амерыканскага кіно. Гэта частка той самай амерыканскай мары – цяпер у Беларусі. Беларускі блогер jaguras публікуе фатаздымкі таўнгаўсаў ля Берасця.

Вялікі загарадны дом, сям’я, праца офіснага работніка сярэдняга ўзроўню, два аўтамабілі, пачуццё адноснай фінансавай незалежнасці – усё гэта мара сярэдняга класу. У краінах з глыбокімі традыцыямі дэмакратыі ды капіталізму колькасць людзей, якія гэтак уяўляюць сваю светлую будучыню, куды большая, чым у Беларусі ды рэспубліках былога СССР.

І тым не менш, цалкам ці часткова разняволеная эканоміка нараджае сваіх дзяцей – нуварышаў (ад фр. nouveau riche, «новы багацей»), якія, ператвараючы амерыканскую мару ў беларускую рэчаіснасць, імкнуцца дасягнуць сваіх мрояў.

Каб убачыць амерыканскую мару, не абавязкова ехаць у Каліфорнію. З меншым размахам архітэктурная частка мары зрэалізаваная недалёка ад Берасця. Паселішча з віламі ды таўнгаўсамі (ад англ. townhouse, «горад-дом» – дом на некалькі шматузроўневых кватэраў з гаражом і невялічкім лапікам газону).

І хоць таўнгаўсы пачалі будаваць Брытаніі ў далёкім XIX ст., для Беларусі гэта новая з’ява, пагатоў праслойка сярэдняга класу ў нашай краіне проста мікраскапічная. Большасць жыве ад заробку да заробку, а некаторыя мараць пра свае 500 долараў. Пераважна для нашых грамадзянаў нават беларуская версія амерыканскай мары гэтак і застанецца мараю. Цэны на катэджы (вілы) без унутранага штукавання пачынаюцца ад $ 100 000 і даходзяць да $ 250 000. Цэны на таўнгаўсы – у межах $ 70 000–100 000 (з гаражом). Падрабязней ТУТ.



Ю.В. паводле jaguras.livejournal.com, belsat.eu

Стужка навінаў