Адзін з самых уплывовых часопісаў Польшчы зацікавіўся справаю беларускага ўцекача


Суддзя з Беластоку прысудзіў беларускаму палітычнаму ўцекачу большую кару, чым патрабавала пракуратара. У польскім тыднёвіку «Polityka» з’явіўся артыкул «Чужая справа», прысвечаны беларускаму бізнесоўцу і апазіцыйнаму дзеячу Андрэю Жукаўцу.

У канцы сакавіка гэтага года суд у Беластоку агучыў у справе Андрэя Жукаўца вырак: 3 гады турэмнага зняволення і штраф 15 тыс. злотых (каля 5 тыс. долараў) за нібыта махлярства пры атрыманні крэдытаў у двух беларускіх банках на суму 700 тысяч долараў – нагадвае польскаму чытачу жыццёвую гісторыю палітычнага ўцекача з Беларусі аўтар матэрыялу Пётр Пытлякоўскі.

Прадпрымальнік Андрэй Жукавец у 1999 годзе з’ехаў з Беларусі, дзе супраць яго распачалі крымінальную справу, і папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. На пачатку 1990 гадоў, маючы ўжо ўласны бізнес, ён узяў валютны крэдыт, каб наладзіць вытворчасць рэкламных білбордаў і банераў. Умовы крэдыту прадугледжвалі, што пазней фірма Жукаўца вырабіць візуальную рэкламу для 3 тыс. банкаўскіх аддзелаў. У якасці закладу прадпрымальнік прапанаваў банку крыты гараж у цэнтры Менску.

Жукавец фінансаваў дзейнасць «Маладога фронту», набыў камп’ютары для Магілёўскага цэнтру абароны правоў чалавека, друкаваў апазіцыйныя матэрыялы і ўлёткі.

У 1997 годзе Лукашэнка выдаў Указ аб правяранні прыватных фірмаў. На падставе размытых крытэрыяў каля 30 % усіх прадпрыемстваў зачынілі, у тым ліку і фірму спадара Жукаўца.

«Як мае сплочваць крэдыт фірма, якая не існуе?» – не мог зразумець Жукавец. Крэдыт жа ён працягваў сплочваць са сваіх прыватных сродкаў. Прыдпрымальнік палічыў, што аддаў банку каля 200 тыс. долараў. Рэшту павінен быў кампенсаваць гараж, які адышоў установе і кошт якога складаў каля 1 млн долараў. «Але беларуская пракуратара не бавілася вылічэннямі. Супраць Жукаўца ўзбудзілі крымінальную справу. Сын ягонага адваката паведаміў яму, што рыхтуецца арышт. У чым быў, амаль не збіраючыся, сеў у аўтобус. Мяжу з Польшчаю перайшоў пешшу», – падае «Polityka».

Падчас уцёкаў безнесоўцу было толькі 29 гадоў. У Польшчы пасяліўся на Падляшшы, каб быць бліжэй да Беларусі. «Сёння мяркуе, што зрабіў памылку. Каб пасяліўся ў Мазовіі ці Сілезіі, усё роўна дзе, абы не ў ваколіцах Беластоку, ягонаю справаю займаўся б іншы пракурор, і прысуд выносіў бы іншы суддзя. Жукавец мяркуе, што больш справядлівы», – перадае Пётр Пытлякоўскі ў сваім артыкуле развагі беларуса.

Працаўнікі беластоцкай пракуратуры затрымалі ўцекача на патрабаванне сваіх беларускіх калегаў. Палякі 85 дзён трымалі Жукаўца пад вартаю, каб, магчыма, пазней перадаць беларускаму боку. Месяц Жукавец трымаў галадоўку супраць свайго несправядлівага затрымання. Суд у Беластоку тройчы засядаў, каб прыняць рашэнне, ці выдаваць Жукаўца ў Беларусь. «Памятаю, што пракурор хваліў Лукашэнку, гэтаксама, як і частка суддзяў. Толькі адзін суддзя быў іншага погляду і выступіў супраць маёй экстрадыцыі. Ён настойваў, што я, як апазіцыянер, траплю ў Беларусі пад рэпрэсіі», – цытуе «Polityka» беларускага дзеяча. Толькі пасля заступніцтва міністраў юстыцыі, найперш Леха Качыньскага, а пазней Барбары Піўнік, суд прыняў рашэнне пакінуць ўцекача ў Польшчы. Абвінавачаннямі беларускага боку заняўся польскі суд.

Цягам шматгадовага судовага працэсу даказалі безліч парушэнняў – «мёртвыя душы» ў якасці сведак абвінавачання, фальшаванне перакладаў дакументаў з Беларусі. Гэта не перашкодзіла суддзю Шчэнснаму Шыманьскаму (Szczęsny Szymański) прыняць дакументы, атрыманыя з нашай краіны, за «грунтоўныя доказы, якія заслугоўваюць даверу». Больш за тое, сам Шыманьскі ездзіў у Беларусь, дзе ў ягонай прысутнасці дапытвалі сведак.

Польскі суддзя супрацоўнічаў з асобамі, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўразвязу. У выніку – прысудзіў Жукаўцу нават большую кару, чым патрабавала пракуратара. Рашэнне суда, аднак, пакуль не ёсць канчатковым. Жукавец і ягоны адвакат склалі касацыйныя скаргі.

У выпадку, калі і суд другой інстанцыі пакіне вырак у моцы, Жукаўца для адбыцця пакарання могуць выслаць у Беларусь. Беларускія актывісты ў Польшчы ў траўні звярнуліся да польскага міністра юстыцыі з просьбаю перанесці разгляд апеляцыі беларускага прадпрымальніка з Беластоку ў Варшаву.

Беларусы Польшчы звярнуліся таксама да генеральнага пракурора краіны Анджэя Сэрэмэта (Andrzej Seremet), каб той таксама заняўся справаю.

«Мала таго, што асудзілі чалавека за ўчынак з закончаным тэрмінам даўнасці, то яшчэ, інтэрпрэтуючы здарэнні, беластоцкі суд цалкам прыняў пункт гледжання і аргументацыю краіны, у якой не выконваюцца правы чалавека, а доказы супраць апазіцыянераў часта фальсіфікуюцца. Шматлікія акалічнасці, якія сведчылі на карысць абвінавачанага, хутчэй за ўсё, суд пад увагу не ўзяў», – прызнае «Polityka».

Цяпер Андрэй Жукавец жыве ў вёсачцы на Падляшшы. Ажаніўся з полькаю ды ўзяў ейнае прозвішча. Разам з жонкай яны распачалі невялічкі бізнес, з чаго і жывуць. Андрэй з хваляваннем чакае рашэння суда, які разглядае ягоную апеляцыю. Надзея ў гэтай справе з’явілася, бадай, толькі для Аляксандра Лукашэнкі, падсумоўвае «Polityka».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў