Дом састарэлых з камп’ютарным класам, царквою і фермаю


Інтэрнаты для састарэлых ды інвалідаў – закрытыя ўстановы, проста з вуліцы туды не зойдзеш. Здымачнай групе праграмы «Маю права» ўсё ж пашчасціла трапіць у адно з такіх месцаў у Магілёўскай вобласці. Як рэалізоўваецца права на годнае жыццё ў інтэрнаце для тых, хто не патрэбны больш грамадству?

Глядзіце праграму «Маю права» штосераду а 20.25 у онлайн-трансляцыі на нашым сайце, а пасля выдання – у архіве праграмаў.

{movie}Дом састарэлых з камп’ютарным класам, царквой і фермай|right|13127{/movie}Насельнікам Рэсцянскага дому-інтэрнату для састарэлых ды інвалідаў на Магілёўшчыне пашанцавала, бо тут робіцца ўсё магчымае, каб палепшыць іхнае жыццё. Незалежныя эксперты лічаць гэтую ўстанову адною з найлепшых у краіне.

«Адміністрацыя тут займае нетыповую для сябе нефармальную пазіцыю і прыкладае ўласныя намаганні, укладае душу, каб змяніць стан у самым інтэрнаце. Гэта ўвогуле не тыпова для сістэмы», – мяркуе Сяргей Драздоўскі з Офісу правоў людзей з інваліднасцю.

Сродкаў з бюджэту вылучаецца на дом-інтэрнат не шмат. Хапае толькі на самае неабходнае. «Выдаткі на харчаванне на адзін дзень складаюць на аднаго чалавека 20 623 рублі», – падзяліўся дырэктар дому-інтэрнату Сяргей Ярошчанка. Каб забяспечыць якаснае харчаванне за гэтыя грошы, даводзіцца трымаць вялікую гаспадарку. Інтэрнат актыўна шукае неабыякавых людзей, якія могуць дапамагчы старым. Дзякуючы ахвяраванням тут зрабілі нават царкву, у якой падчас набажэнстваў моляцца за дабрачынцаў.

З канцэртам у інтэрнаце выступалі такія зоркі беларускай эстрады, як Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. «Ніхто не верыў, што такія людзі могуць да нас прыехаць. Не верылі да апошняга дня. Ішлі на канцэрт і ўсе былі ў сумневах, будуць ці не будуць», – распавяла культарганізатарка Галіна Панкіна. Дзякуючы ейным намаганням у інтэрнаце з’явіўся і камп’ютарны клас. На ейны зварот праз сацыяльныя сеткі адгукнуліся некалькі арганізацыяў, яны падаравалі інтэрнату свае старыя камп’ютары.

«Я, мабыць, упершыню ў жыцці адчула сябе тут па-сапраўднаму патрэбнаю. Таму хочацца ісці на працу, хочацца працаваць, і не шкода зусім свайго часу», – адкрылася жанчына.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў