Чаму Брусель скараціў чорныя спісы і хто паедзе ў Еўропу?


Еўразвяз апублікаваў пералік беларускіх чыноўнікаў і прыватных фірмаў, з якіх знялі санкцыі. Агулам з чорнага спісу выключылі 13 чалавек. Цяпер у спісе фігуруюць 232 прозвішчы, а колькасць фірмаў зменшылася да 25.

Пераважная большасць прозвішчаў прадстаўнікоў уладаў Беларусі, якіх у Бруселі выкраслілі з чорнага спісу, маюць прыстаўку “экс” да сваіх пасадаў. Але нягледзячы на гэта, санкцыі знялі з даволі неадназначных, у нейкім сэнсе сімвалічных фігураў. Напрыклад, былая суддзя Вольга Комар, якая агучыла першы прысуд у справе Плошчы. У сталічным судзе Фрунзенскага раёну яна больш не працуе, але, тым не менш, асуджаных у справе 19-га снежня да гэтага часу не рэабілітавалі.

{movie}У спісах не значацца|right|13126{/movie}УЛАДЗІМІР ЛАБКОВІЧ, ПРАВААБАРОНЦА:
“Суддзя Комар не выконвае судовых абавязкаў, але гэта не можа быць падставаю для вывядзення яе з чорнага спісу. Бо яна не прызнала, што яна выносіла незаконныя прысуды. Яна ніяк не паспрабавала мінімізаваць свае дзеянні як суддзі, калі яна незаконны вынесла прысуд, напрыклад, у дачыненні Васіля Парфянкова”.

Таксама з-пад санкцыяў вывелі былога міністра інфармацыі Уладзіміра Русакевіча. Менавіта ў часе ягонага кіраўніцтва ўлады зладзілі найбольш моцныя атакі на незалежную прэсу, закрыўшы ўплывовыя тады выданні “Пагоня”, “Белоруская деловая газета”, а таксама перыёдык “Згода”, які ўзначальваў Аляксей Кароль.

АЛЯКСЕЙ КАРОЛЬ, ПАЛІТОЛАГ, РЭДАКТАР ГАЗЕТЫ «НОВЫ ЧАС»:
Самае галоўнае, што пераходу да дыялогу з боку Еўразвязу без выканання ўмоваў аб вызваленні палітвязняў не адбылося. Санкцыі працягнулі, сам факт працягнення санкцыяў – галоўны пазітыў для дэмакратычнага развіцця ў будучыні”.

Свой пазітыў у рашэнні Бруселю знайшлі і ў Міністэрстве замежных справаў. Крокаў у адказ МЗС рабіць не плануе, але дзеянні Еўразвязу вітае.

АНДРЭЙ САВІНЫХ, ПРЭС-САКРАТАР МЗС БЕЛАРУСІ:
“Мы адзначаем тэндэнцыю да скарачэння санкцыяў. Гэта пазітыўны крок. Аднак у цэлым захаванне санкцыяў контрпрадуктыўнае. Санкцыі мусяць быць адмененыя”.

Апроч іншых знакавых персонаў, санкцыі знялі са старшыняў абласных выбарчых камісіяў. Напрыклад, Леанід Лучына кіраваў выбарамі на Гарадзеншчыне, Уладзімір Міхасёў узначальваў Гомельскі аблвыбаркам. На думку праваабаронцаў, гэта недальнабачны крок.

УЛАДЗІМІР ЛАБКОВІЧ, ПРАВААБАРОНЦА:
“Крок, які паслабляе ўплыў тых санкцыяў, якія ёсць у дачыненні Беларусі. Можна звольніцца, змяніць месца працы і быць адноўленым у сваіх правах. Абнуліць тыя незаконныя рашэнні, якія прымаліся дагэтуль”.

Таксама з-пад санкцыяў вывелі пяць кампаніяў. Усе яны належаць Уладзіміру Пефціеву, буйному бізнесоўцу, набліжанаму да Лукашэнкі. Менавіта ён уласнік кампаніі-правайдара “Дзелавая сетка”. Агулам бізнес-імперыя Пефціефа закранае ўсе сферы: ад нерухомасці да гандлю зброяй. У сваю чаргу, з боку дэмакратычнай грамадскасці гучыць іншы пасыл.

ДЗМІТРЫЙ ДАШКЕВІЧ, СУСТАРШЫНЯ «МАЛАДОГА ФРОНТУ»:
“Назіраецца змена курсу палітыкі Еўразвязу ў дачыненні афіцыйных уладаў. Мы перасцерагаем еўрапейскіх палітыкаў ад гэтай памылкі. Мы пакідаем за сабою маральнае права заклікаць дэмакратычныя дзяржавы да ўвядзення эканамічных санкцыяў, пакуль нашыя паплечнікі не будуць вызваленыя з турмаў”.

Працягнуць палітыку абмежавання з боку Еўропы сёння заклікалі і ў Кіеве.

УЛАДЗІСЛАЎ СІЎЧЫК, ГРАМАДСКІ АКТЫВІСТ:
“Рэальных санкцыяў супраць Лукашэнкі за гэты час ніхто не прымаў. Як гандлявалі, гэтак і гандлююць. Пакінулі спіс чыноўнікаў, якія здзяйснялі крымінальныя злачынства супраць беларускай нацыі. Добра, што пакінулі, кепска, што скарацілі”.

Разам з гэтым, у спісе з’явіліся і новыя асобы. Дадалі двух чалавек: начальніка Бабруйскай калоніі ды ягонага намесніка. Менавіта тут адбывае пакаранне праваабаронца Алесь Бяляцкі. Агулам уезд на тэрыторыю Еўразвязу цяпер забаронены 232 афіцыйным асобам.

Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”, belsat.eu
https://youtu.be/sSRL7tV458w

Глядзі таксама
Каментары