Чырвоны Крыж запісаўся ў гісторыю тарашкевіцаю (фотафакт)


Адна з самых вядомых у свеце дабрачынных арганізацыяў адзначыла 150-годдзе сваёй дзейнасці.

Заснаванне Чырвонага Крыжа ў кастрычніку 1863 года ажыццявіла гуманітарны прарыў, які фактычна зрабіў пераварот у свядомасці сусветнай супольнасці, адзначаюць актывісты арганізацыі. Грамадскі рух 150 гадоў ратуе жыцці мільёнам асобаў, палягчае пакуты ахвярам міжнародных і мясцовых узброеных канфліктаў, аказвае сацыяльную дапамогу насельніцтву розных краінаў свету.

Назва арганізацыі за гады яе дзейнасці сталася сінонімам бескарыслівай дапамогі ды служэння іншым.

У межах свята ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Менску адкрылася выстава гісторыі Чырвонага Крыжа, на якой паказаныя фотаздымкі, партрэты і кнігі.

Што цікава, сярод дакументаў, рэпрэзентаваных на выставе, ёсць і беларускамоўныя выданні, выдадзеныя класічным правапісам, які быў афіцыйным да 1933 года. Гэтак, з дапамогаю Чырвонага Крыжа пабачыў свет «Плян інструкцыі і іншыя матар’ялы па справаздачнай перавыбарчай кампаніі 1930 году».

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары