Інтэрнаўты шукаюць «менскага жывадзёра» (Асцярожна, фота шакуе!)


Менскія абаронцы жывёлінаў сцвярджаюць, што ў Заводскім раёне, а таксама ў Серабранцы і Малінаўцы дзее жывадзёр. Валанцёры знайшлі некалькі жорстка скалечаных катоў.

Паводле абаронцаў жывёлінаў, у мікрараёне знойдзеныя не менш за дзясятак аднолькавым чынам скалечаных жывёлінаў: невядомы адсякае катам хвасты, выколвае вочы. «Некаторых параненых жывёлінаў актывісты падабралі, аднак шмат якія хаваюцца ды паміраюць ад траўмаў», – пішуць аўтары блогу «Месца пад сонцам».

У адмысловай суполцы «Укантакце» змешчаныя фотаздымкі некаторых катоў, якія, мяркуецца, пацярпелі ад рук невядомага садыста.

«Мы не можам пярэчыць таму, што часам сабакі адкусваюць катам хвасты падчас боек. Але не ў такой колькасці, як апошнім часам у некаторых раёнах. Апісаныя выпадкі – справа чалавечых рук: хвасты адрэзаныя нажом, а вочы менавіта выкалатыя. Гэта пацвярджаюць ветэрынары», – паведамляюць актывісты.

Абаронцы жывёлінаў таксама зазначаюць, што апошнім часам павялічылася колькасць выпадкаў, калі ў Менску невядомыя забіваюць бадзяжных жывёлінаў з пнеўматычнай зброі ды труцяць іх.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары