Еўраамністыя: скарочаны спіс неўязных, беларускаму МЗС гэтага мала


Сярод тых, чые імёны больш не фігуруюць у чорным спісе, – былая суддзя Вольга Комар, што выносіла прысуд палітвязню Васілю Парфянкову, і Надзея Рэуцкая, што раней судзіла маладафронтаўцаў і карала штрафамі прадстаўнікоў царквы «Новае жыццё».

Са спісу неўязных у Еўразвяз таксама выключаныя:

  • Аляксандр Драніца (вайсковы пракурор);
  • Анатоль Дудкін (транспартны пракурор);
  • Мікалай Кулік (былы пракурор);
  • Мікалай Купрыянаў (былы намеснік генпракурора);
  • Уладзімір Курловіч (былы старшыня Менскай абласной выбарчай камісіі);
  • Леанід Лучына (былы старшыня Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі);
  • Мікалай Мяцеліца (былы старшыня Магілёўскай абласной выбарчай камісіі);
  • Уладзімір Міхасёў (былы старшыня Гомельскай абласной выбарчай камісіі);
  • Уладзімір Русакевіч (былы міністр інфармацыі);
  • Яўген Смірноў (былы першы намеснік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда).

У абноўленым спісе пазначаныя 232 прозвішчы і 25 прадпрыемстваў. ЕЗ таксама зняў санкцыі з кампаніяў, якія належаць бізнесоўцу Уладзіміру Пефціеву: ТАА «Дзелавая сетка», ЗАТ «Сістэмы інвестыцыяў і інавацыяў», ПУП «Сен-Ка», ПУП «БТ Інвест», «Тэхнасаюзпрыбор».

Да спісу чыноўнікаў, якія падпадаюць пад санкцыі, дадаліся два прозвішчы: Аляксандр Какунін (начальнік Бабруйскай папраўчай калоніі № 2) і Юрый Трутко (намеснік начальніка Бабруйскай папраўчай калоніі № 2) – у гэтай калоніі адбывае пакаранне праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Беларускі МЗС: агулам рашэнне – контрпрадуктыўнае

«Мы адзначаем тэндэнцыю да скарачэння санкцыяў. Гэта пазітыўны крок, аднак збольшага рашэнне ЕЗ контрпрадуктыўнае. Гэтыя санкцыі бесперспектыўныя і мусяць быць цалкам скасаваныя. На іх аснове немагчыма выбудаваць партнёрства ў інтарэсах грамадзянаў Беларусі ды ЕЗ», – заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Андрэй Савіных.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў