Рада Еўразвязу плануе прадоўжыць дзеянне санкцыяў у дачыненні Беларусі


Рада Еўразвязу працягне дзеянне санкцыяў адносна Беларусі да 31 кастрычніка 2014 года. Пра гэта паведаміла кіраўніца прадстаўніцтва ЕЗ у Менску Майра Муора, выступаючы 29 кастрычніка на міжнароднай канферэнцыі «Стратэгіі будучай палітыкі ЕЗ у дачыненні Беларусі» ў Вільні.

Паводле дыпламата, будзе пашыраны чорны спіс ЕЗ, куды дададуцца тры новыя прозвішчы, а 13 будуць выкрасленыя. З чорнага спісу ЕЗ будуць выдаленыя і пяць беларускіх прадпрыемстваў. Аднак Муора не ўдакладняе, каго менавіта дададуць і каго выключаць са спісу.

«Хацела б выразна зазначыць, што гэтае рашэнне [аб адмене санкцыяў супраць шэрагу асобаў. – «Белсат»] не азначае змены палітыкі ЕЗ у дачыненні Беларусі. ЕЗ працягне палітыку крытычнага ўзаемадзеяння з краінаю», – адзначыла дыпламат.

На сённяшні дзень пад візавыя і эканамічныя санкцыі Еўразвязу падпадаюць 243 беларускія чыноўнікі, сярод якіх і Аляксандр Лукашэнка.

Падчас выступу Майра Муора таксама адзначыла, што Еўразвяз будзе надалей падтрымліваць беларускі народ. «За апошнія два гады ЕЗ узмацніў падтрыманне беларускай грамадзянскай супольнасці ды беларускага народу, – сказала яна. – Еўразвяз узмацніць дыялог з грамадзянскаю супольнасцю, сярод іншага і праз праграму “Еўрапейскі дыялог для Беларусі”. Яна патэнцыйна можа стаць каналам зносінаў як з беларускім грамадствам, так і з уладамі», – лічыць Майра Муора.

У сваёй прамове Майра Муора згадала і візавае пытанне. Паводле яе, за два апошнія гады ўлады Беларусі так і не далі станоўчага адказу на прапанову ЕЗ пачаць перамовы пра спрашчэнне візавага рэжыму.

Дыпламат падкрэсліла, што як толькі Беларусь «распачне неабходныя крокі», ЕЗ будзе гатовы абмяркоўваць дэталёвы план для ўключэння Беларусі ў паўнавартасны ўдзел у праграме «Усходняе партнёрства». На гэты момант Беларусь удзельнічае толькі ў шматбаковых праектах гэтай ініцыятывы.

Мора заявіла, што на саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні, што мае адбыцца 28–29 лістапада, «будзе дамінаваць Украіна», бо на сустрэчы плануецца падпісаць пагадненне аб асацыяцыі паміж Украінаю і Еўразвязам. «Я спадзяюся, што праз два гады на саміце ў маёй роднай Рызе дамінаваць будзе Беларусь», – сказала яна.

Ю.В, павдле БелаПАН, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары