Беларусь становіцца пірацкім востравам?


https://youtu.be/sr3TNETb_z4
Справа на 100 мільёнаў долараў не вырашаная. Уладзіслаў Баўмгертнер застанецца ў Беларусі пад хатнім арыштам на чарговыя два месяцы. Аб працягу тэрміну расследавання крымінальнай справы гендырэктара “Уралкалію” паведаміў Следчы камітэт Беларусі. Чаму ж справу не вырашылі перамовы Пуціна і Лукашэнкі, і як зацягнуты калійны серыял пераўтвараецца ў баявік?

26 кастрычніка скончыўся папярэдні тэрмін расследавання. Сёння кіраўніку “Уралкалію” дадалі яшчэ два месяцы на чужыне пад хатнім арыштам. Пра гэта паведаміў начальнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Следчага камітэту Беларусі Павел Траулька. Прычынаў працягу расследавання ён не патлумачыў. Але эксперты бачаць гэта так.

АНДРЭЙ СУЗДАЛЬЦАЎ, ПАЛІТОЛАГ, МАСКВА:
Справы супраць Баўмгертнера няма. Ім не хапае сведкаў. Яны проста гойсаюць па Расеі ў спробах накапаць нешта”.
{movie}Пірацкі востраў Беларусь|right|13099{/movie}
І не толькі нешта накапаць, а нават некага вывезці. На мінулым тыдні шэраг расейскіх медыяў паведамілі пра спробу працаўнікоў беларускага КДБ затрымаць на Ленінградскім вакзале ў Маскве былога топ-менеджара Беларускай калійнай кампаніі Дзмітрыя Самойлава. Той застаўся на волі толькі дзякуючы ўмяшанню расейскай міліцыі. Праўда, прэс-служба Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі гэтыя звесткі называе чуткамі.

АРТУР СТРЭХ, ПРЭС-САКРАТАР КДБ:
Наколькі я ведаю, праваахоўныя органы Расеі не пацвярджаюць і афіцыйных каментароў не давалі. Абсурднасць інфармацыі выразна відаць. Гэтая інфармацыя носіць яўна правакацыйна характар”.

Менавіта пасля гэтых падзеяў служба бяспекі “Уралкалію” ўзяла пад ахову сваіх найвышэйшых працаўнікоў. Хоць рэакцыя расейскіх праваахоўнікаў была вельмі стрыманая – выкрадальнікам проста строга загадалі не займацца аператыўнаю дзейнасцю на тэрыторыі чужой дзяржавы.

ІРЫНА ХАЛІП, «НОВАЯ ГАЗЕТА». «САЮЗНІК НАПАЎ НА РАСЕЮ БЕЗ АБВЯШЧЭННЯ ВАЙНЫ»:
…Нездарма ж гісторыя з выкраданнем, пра якую не мог не ведаць Лукашэнка, як і ўся “калійная справа”, адбылася перад паездкаю Уладзіміра Пуціна ў Менск на саміт СНД. І дзеянні беларускіх гэбістаў не былі самадзейнасцю: яны проста выконвалі загад. Здагадайцеся, чый”.

Пакуль у Менску адзін закладнік, і кошт ягонай свабоды даволі высокі – 2 мільярды. Менавіта такую суму на мінулым тыдні назваў Лукашэнка, гаворачы пра страты, якія, на ягоную думку, нанеслі дзеянні кіраўніцтва “Уралкалію” Беларусі.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:
Пакуль мы не набралі большай шкоды, няхай кампенсуюць гэтую. Кампенсуюць шкоду, мы ўжо неяк будзем круціцца-круціцца, каб усімі любімага вамі ды расейскім народам Баўмгертнера вам перадаць”.

У Крамлі на такі сцэнар, падобна, пагаджацца не жадаюць і прыдумалі свой.

Басманны суд Масквы завочна арыштаваў генеральнага дырэктара “Уралкалію” і плануе накіраваць хадайніцтва аб ягонай экстрадыцыі на радзіму. Гэтак, паводле расейскіх медыяў, Баўмгертнер мог бы вярнуцца на радзіму, а беларускія органы здолелі б захаваць твар.

АНДРЭЙ СУЗДАЛЬЦАЎ, ПАЛІТОЛАГ, МАСКВА:
Гэта чорная дзірка, пірацкае Самалі ў цэнтры Еўропы. Калі Лукашэнку падабаецца такі імідж, то няхай сядзіць з Баўмгертнерам. Ён разбурае вобраз Беларусі. Чым даўжэй ён там застаецца, тым больш разбураецца. Гэта вялізарная міна, закладзеная ім пад сябе”.

Пакуль гэтую міну зноў завялі на два месяцы.

Аліна Коўшык, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары