Адкуль ў шатландскай царкве ў Чыкага герб Пагоня? (Фотафакт)


Назвы беларускіх гарадоў, Адам Міцкевіч на вітражы, а таксама герб Пагоня – усё гэта ў чыкагскай святыні прэсвітэрыянцаў.



Царква прэсвітэрыянцаў у цэнтры Чыгака, якую называюць «белая» – адна з самых багатых у горадзе. Святыня мае нават свайго менеджара, які, працуючы на поўную стаўку, дбае пра парадак у святыні. Мясцовыя вернікі маюць пераважна шатландскае паходжанне, але, як не дзіўна, у іхнай царкве на адной з фрэсак анёл трымае Пагоню, на сценах красуюць назвы беларускіх гарадоў – Ліды і Гародні, а з вітражоў разам з евангельскімі постацямі пазірае Адам Міцкевіч.



«Будынак царквы раней належаў Польскаму нацыянальнаму касцёлу, вернікі якога аддзяліліся ад рыма-каталікоў напрыканцы XIX стагоддзя, пасварыўшыся з духавенствам», – патлумачыў даследчык гісторыі Чыкага Дэн Пагажэльскі.

У тагачасны канфлікт вернікаў са святарамі ў Чыкага мусіла ўмяшацца нават паліцыя, бо ксяндзы не маглі самастойна абараніцца ад раз’юшанага натоўпу з малаткамі ды патэльнямі. Паліцыянты мусілі выкарыстаць зброю і адкрылі агонь па натоўпе, у выніку чаго пацярпелі некалькі дзесяткаў асобаў.

Пасля канфлікту абражаныя на духавенства вернікі сышлі з Рымска-каталіцкага касцёлу і заснавалі сваю супольнасць, якая пазней сталася часткаю Польскага нацыянальнага касцёлу.

У 30-ыя гады XX стагоддзя польска-каталіцкія вернікі збудавалі новую святыню, якая пазней стала катэдраю Усіх Святых. «Магчыма, тады было вельмі шмат шчодрых вернікаў з Гародні і Ліды, таму назвы гэтых гарадоў было вырашана ўвекавечыць на фрэсках», – мяркуе спадар Пагажэльскі. Пагоня ж з’явілася ў святыні як гістарычны сімвал гарадзенскай зямлі. Ахвярадаўцы з Гародні і Ліды не лічылі сябе беларусамі, падкрэсліў адмысловец, бо былі часткаю польскай супольнасці з выразным нацыяналістычным ухілам.

Адама Міцкевіча, паводле спадара Пагажэльскага, паставілі ў адзін шэраг са святымі, бо гэтак вернікі Польскага нацыянальнага касцёлу хацелі ўганараваць талент выбітнага паэта.

У 1993 годзе вернікаў стала замала, каб утрымліваць гмах касцёлу, таму будынак прадалі прэсвітэрыянцам, якія з вялікаю пашанаю ставяцца да ўсяго, што засталося ад папярэдніх гаспадароў, у тым ліку да Пагоні.

ШВ, belsat.eu

Стужка навінаў