Чаму літоўцы аказаліся больш здольныя за беларусаў?



Як нашым суседзям удалося захаваць незалежнасць і што перашкодзіла беларусам? Ці магчымы ў Беларусі новы нацыянальны ўздым? Пра гэта ў праграме «Два на два» разважаюць гісторык Алесь Краўцэвіч і старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк.

Выданні праграмы «Два на два» вы можаце паглядзець у закладцы «Нашыя праграмы».

{movie}Зянон Пазняк і Алесь Краўцэвіч у праграме “Два на два” |right|13085{/movie}«Савецкі КДБ думаў, што Беларусі больш не будзе»

Паводле Зянона Пазняка, мітынгі канца 1980-х у Курапатах і стварэнне БНФ былі нечаканасцю для камуністаў. «КПСС і КГБ былі не гатовыя да рэакцыі людзей. Мне даводзілася спатыкацца з афіцыйнымі асобамі, у тым ліку і на допытах, і яны казалі: «Пра што вы гаворыце?! Беларусі ўжо не існуе! Якая мова?! Яны адкрыта казалі, што выканалі сваю праграму: Беларусь, як нацыя, знішчаная і яна ўжо ніколі не падымецца. І раптам яна паднялася зусім з другога боку – з Курапатаў».

Чаму ж незалежнасць не ўдалося затрымаць? Паводле лідара КХП БНФ, у параўнанні з Літвою, Латвіяй, Эстоніяй, Грузіяй у Беларусі былі слабыя нацыянальныя сілы. «У нас не было 20-гадовага перыяду нацыянальнага станаўлення. Камуністычная наменклатура засталася пры ўладзе. У Літве камуністы падтрымалі народны фронт. Наша наменклатура знішчала ўсё нацыянальнае».

«Лукашэнку мог бы вучыць не Трашчанок, а адраджэнец»

Алесь Краўцэвіч лічыць, што калі б у 1918-м Беларусь хоць бы на 5 гадоў утрымала незалежнасць, гісторыя развівалася б зусім інакш. «У 1920–30-я гады было расстраляна 100 тыс. беларускіх інтэлігентаў. 100 тыс. для такой краіны – гэта катастрофа! Уявіце, каб гэтыя людзі былі жывыя – яны былі б у войску, у паліцыі, настаўнікі. Магчыма, Лукашэнку вучыў бы не Трашчанок [з 1967 да 1995 – выкладчык гісторыі Беларусі ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце – belsat.eu], а адраджэнец 1920-х гадоў».

Чаму тое, што ўдалося літоўцам і палякам у міжваенны час, не ўдалося беларусам? Тут абодва госця згодныя: Эстонію, Латвію, Літву Савецкая Расея гатовая была адпусціць як нешматлікія народы, але Беларусь і Украіну – ні за што.

Паводле Зянона Пазняка, слабасць нацыянальных сілаў на пачатку 1990-х скарыстала Масква. «Савецкія органы праз КДБ стварылі ўнутраную акупацыю Беларусі – дэмакратычным шляхам яны захапілі ўсю ўладу, паставілі свайго чалавека і пачалі праводзіць сваю палітыку з дальнім прыцэлам».

«Беларусы яшчэ не сталі нацыяй»

Лідар КХП БНФ зазначае: «Мы яшчэ не сталі нацыяй ў поўным сэнсе – мы засталіся народам». І вінаваты ў гэтым Аляксандр Лукашэнка. «Уявіце, у вас нарадзілася дзіця. І яно расло, як трава, – разважае Зянон Пазняк. – Скончыла чатыры класы – пайшло на вуліцу. Вырас гопнік, які алфавіту не ведае, які наркотыкі ўжывае. Абы што! А яму – 20 гадоў. Трэба стварыць сям’ю, трэба, каб чалавек уключыўся ў нейкую сацыяльную работу. Бацькі пачынаюць гэтым займацца. Вы здолееце зрабіць з яго чалавека? Шанц ёсць…»

Гэтак жа і беларуская нацыя, лічыць спадар Пазняк. «Калі яна атрымала незалежнасць, калі яна дабілася гэтай незалежнасці, яна павінна прайсці гэты працэс, гэтыя 20 гадоў, каб вырасла пакаленне. Лукашэнка гэта знішчыў. Эмбрыён ён ужо не мог знішчыць. Ён знішчыў гэтае дзяцінства. А нацыя ёсць, і цяпер пераканайце гэтых людзей, якія выраслі пры гэтым рэжыме».

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары