Як выглядае камера зняволенага-смяротніка?


У інтэрнэце прэзентаваны трэці фільм Віктара Трацякова з шэрагу «Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання». У відэа выкарыстаныя кадры з камеры смяротнікаў.

Трэці фільм з цыклу прысвечаны рэлігійнаму аргументу супраць смяротнага пакарання. Пра праблему кары смерцю з пункту гледжання хрысціянскай этыкі разважаюць праваслаўны святар Аляксандр Шрамко, ксёндз Мікалай Ціхановіч і рэлігіязнаўца, сябра Хельсінскага камітэту Віктар Адзіночанка.

У фільме скарыстаныя кадры з 5 сусветнага кангрэсу супраць смяротнага пакарання ў Мадрыдзе (чэрвень 2013 года), кадры з Музею генацыду ў Вільні. Гледачы таксама маюць магчымасць зазірнуць пра вочка ў турэмных дзвярах у камеру асуджаных на смерць у менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага.

{movie}”Трэці аргумент супраць смяротнага пакарання – рэлігійны”|right|13071{/movie}

Паводле святара Аляксандра Шрамко, забіваючы забойцу, мы самі становімся забойцамі і толькі спараджаем яшчэ большы гвалт, жорсткасць і зло сярод людзей, таму гэтак важна развіваць у нашым грамадстве міласэрнасць, якая мусіць змякчыць зло ў сэрцах людзей.

У стужцы цытуецца таксама пасланне Папы Рымскага Францішка: «Пакаранне смерцю мае быць іншае, якое б прадугледжвала шанец для злачынцы задумацца над сваймі правінамі ды выправіцца, а невінаватаму падаравала б надзею на справядлівасць».

«Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання» – гэта вынік супольнай працы дакументалістаў і праваабаронцаў, якая пачалася ў 2010 годзе з фільму «Прычына смерці – прочырк», прысвечанага тэме нявыдачы целаў пакараных смерцю», – паведаміў рэжысёр фільму Віктар Трацякоў.

МЯ, belsat.eu, паводле spring96.org

Стужка навінаў