Школа на радзіме Анатоля Сыса адмовілася ўшанаваць памяць паэта (фота)


Арганізатары імпрэзы, прысвечанай памяці Анатоля Сыса, збіраюцца, аднак, пабываць у Бронненскай школе, дзе вучыўся паэт, у наступным годзе.

У вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну прайшло традыцыйнае ўжо свята паэзіі «Дух – гэта, людзі, я!» ў гонар паэта Анатоля Сыса. Сёлета яму б споўнілася 54 гады.

Імпрэзу планавалася правесці ў Бронненскай школе, якую скончыў Анатоль Сыс. Але за некалькі дзён да мерапрыемства адміністрацыя школы адмовілася ад яе правядзення. «Напэўна, перастрахаваліся», – адзначыў старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў (СБП ) Барыс Пятровіч.

Свята паэзіі пачалося з ускладання кветак на магілу паэта, а потым працягнулася ў двары дому, дзе ён нарадзіўся і жыў. З часам у гэтым будынку плануецца адкрыць дом-музей, таму ўжо цяпер збіраюць экспанаты: здымкі ды кнігі паэта, успаміны пра яго, рэчы, звязаныя з ягоным жыццём і творчасцю.

У Гарошкаве сабраліся паэты, празаікі, барды, сябры і знаёмыя, аматары творчасці Анатоля Сыса. Гучалі як ягоныя вершы, так і творы, прысвечаныя паэту.Традыцыяй стала штогод прывозіць на свята ў падарунак «хаце Анатоля» выдадзеныя нядаўна кнігі паэзіі ды прозы беларускіх аўтараў, выконваць новыя песні, прысвечаныя вядомаму паэту.

Бард Вальжына Цярэшчанка выканала новую песню на верш «Безназоўнае» Сыса. Выканалі некалькі кампазіцыяў барды Зміцер Бартосік і Андрэй Мельнікаў.



У двары дому паэта таксама прагучалі вершы ў выкананні дзяцей: Станіславы – дачкі паэтаў Сержука Сыса і Галіны Дубянецкай – і Ціхана – сына Ларысы Раманавай.

Літаратар Алесь Пашкевіч адзначыў, што ў наступным годзе, калі будзе адзначацца 55-годзе з дня нараджэння паэта, свята плануецца правесці на два этапы: традыцыйна ў двары ягонага дому ў кастрычніку, а ў траўні, калі Сыс памёр, зарганізуюць паэтычныя чытанні ў Бронненскай школе.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў