У Вільні распачаў працу ІІІ Беларускі праваабарончы форум


Як выглядае сітуацыя з правамі чалавека ў нашай краіне? Добраю ілюстрацыяй тут можа стаць, напрыклад, месца правядзення ІІІ Беларускага праваабарончага форуму – Літва. У Вільні сёння сабраліся разам, аднак, не толькі актывісты з Сінявокай, але і з іншых краінаў: агульныя для ўсіх правы чалавека, на жаль, маюць і агульныя праблемы.
{movie}Форум у Вільні (26.10.2013) |right|13067{/movie}
Сёлетні, ужо трэці, Беларускі праваабарончы форум, які распачаў працу ў Вільні, істотна адрозніваецца ад папярэдняга. Удзельнікі прадстаўнічай сустрэчы канстатуюць: ад 2010 года, адзначанага часоваю лібералізацыяй палітычнай сітуацыі ў нашай краіне напярэдадні выбараў, назіраецца радыкальны рэгрэс у галіне правоў чалавека.

ВАЛЯНЦІН СТЭФАНОВІЧ, ПРАВААБАРОНЧЫ ЦЭНТР «ВЯСНА»: “Зноўку мы чуем такое супрацьпастаўленне Захаду: маўляў, гэтыя правы чалавека – вынаходніцтва заходняй цывілізацыі, а мы тут усе асаблівыя, асабліва духоўныя, таму вашыя заходнія стандарты нам не патрэбныя, бо ў нас ёсць свае!”

Не зважаючы на рэпрэсіі, скіраваныя і непасрэдна супраць яго, праваабарончы рух у Беларусі пашыраецца, сведчаць сухія лічбы: калі на папярэднім Форуме прысутнічалі прадстаўнікі толькі 17 арганізацыяў, цяпер у Вільні сабраліся разам ажно 110 дэлегатаў ужо з 25 праваабарончых арганізацыяў ды ініцыятываў. Сімвалічна паўдзельнічаў у сустрэчы нават закратаваны ўладамі Беларусі віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі.

НАТАЛЛЯ ПІНЧУК, ЖОНКА АЛЕСЯ БЯЛЯЦКАГА:
“Людзей, якія не падпісалі прашэння аб памілаванні: Бяляцкага, Статкевіча, Аўтуховіча, Лобава ды іншых, – улады і надалей імкнуцца зламіць. Фізічна, калі не атрымліваецца маральна”.

Зрэшты, Беларусь не моцна адрозніваецца ад астатняй постсавецкай прасторы, цвердзіць прэзідэнт расейскага Цэнтру развіцця дэмакратыі і правоў чалавека Юрый Джыбладзэ. Паводле госця з Масквы, логіка цяперашніх дзеянняў аўтарытарных рэжымаў аднолькавая.

ЮРЫЙ ДЖЫБЛАДЗЭ, ЦЭНТР ДЭМАКРАТЫІ І ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА: “Пасля таго, як яны зачысцілі поле ад апазіцыі, практычна знішчылі незалежныя медыі, не даюць грамадству выказвацца ў час мірных сходаў і гэтак далей, атрымліваецца, што праваабарончыя арганізацыі ды іншыя грамадзянскія ініцыятывы застаюцца адзіныя на гэтым полі”.

А таму ў час форуму неаднойчы прагучалі і заклікі да задзіночання праваабарончага руху, сярод іншага, у нашай краіне, а таксама да пошуку новых метадаў працы.

МАРЫЯ ДАЛЕ, ФОНД ДАМОЎ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА: “Замежныя праваабарончыя арганізацыі, засяроджаныя на Беларусі, увесь час інфармуюць пра існую сітуацыю ААН, Еўразвяз, АБСЕ і ды іншых, заклікаюць да актыўнасці еўрапейскія арганізацыі ды палітыкаў. Аднак найперш патрэбнае жаданне ў самой Беларусі”.

Заўтра праца форуму працягнецца. Праваабаронцы плануюць ухваліць адразу шэраг рэзалюцыяў, у тым ліку і зварот да Еўразвязу напярэдадні саміту “Усходняга партнёрства”.

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”
https://youtu.be/gX1MW5q8KYY

Глядзі таксама
Каментары