Як дранікі ды бабка перамаглі ў Варшаве


Свята нацыянальнай кухні, што прайшло 26 кастрычніка ў «Беларускім доме», сабрала нямала гасцей. Да стала з беларускімі ласункамі было не прабіцца. І не дзіўна – родныя пахі былі чуваць яшчэ на ўваходзе ў пад’езд «незалежнай амбасады Беларусі ў Польшчы». Дарэчы, «Беларускі дом» месціцца непадалёк ад будынку польскага парламенту. На беларускія прысмакі польскія парламентарыі не прыйшлі, затое завітаў былы міністр абароны Польшчы Януш Анышкевіч – пахваліў беларускую журавінавую наліўку і дранікі са смятанаю.

Не ўсе госці прыйшлі з пустымі рукамі. Арганізатары варшаўскага свята нацыянальнай кухні зладзілі конкурс на найлепшую страву. У конкурсны шорт-ліст трапілі наступныя намінанты: кныш, халадзец, дранікі па-свойску, смалец, шчупак па-гарадзенску, бабка па-слуцку і яшчэ некалькі смачных кандыдатаў на перамогу, усіх і не пералічыць. Адным словам, стол сабралі шчодра, па-беларуску. Пераможцаў выбіралі ўсе: і тыя, хто гатаваў і частаваў, і тыя, хто проста прыйшоў паласавацца.

Судырэктар «Беларускага дому» Зміцер Бародка выставіў на кулінарны конкурс крупнік (крупяны суп, не блытаць з алкагольным напоем), але суп шмат галасоў не набраў. Перамаглі дранікі – страва заняла першае месца. На другім аказалася добра разрэкламаваная (яшчэ цёплая) бабка. А на трэцім – кныш (беларускі піражок з рознымі начынкамі).

Ю.В., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары