Беларусь гатовая пазбавіцца часткі незалежнасці


Беларусь гатовая пазбавіцца часткі незалежнасці ў абмен на эканамічныя паслабленні ад Мытнага саюзу. Такі вынік відаць па сканчэнні самітаў ЕўрАзЭС і СНД, што прайшлі ў Менску за гэтыя два дні. Валюта, за якую Аляксандр Лукашэнка гатовы аддаць частку паўнамоцтваў Менску, – нафта.
{movie}Незалежнасць як тавар (25.10.2013) |right|13056{/movie}
За вялікім сталом сядзелі: прэзідэнты Азербайджану, Арменіі, Казахстану, Расеі, Малдовы, Таджыкістану, Узбекістану, Украіны. З Кыргызстану і Туркменістану прыехалі толькі віцэ-прэм’еры. Гаспадар жа сёння зрабіў шмат: папрасіў вярнуцца ў СНД Грузію, запрасіў прысутных прэзідэнтаў наведаць у наступным годзе чэмпіянат па хакеі, заклікаў прасоўваць ідэю СНД у сацыяльных сетках ды павіншаваў кіраўніка Азербайджану з чарговаю элегантнаю перамогаю на прэзідэнцкіх выбарах. Але галоўны матыў, што гучаў сёння ад Аляксандра Лукашэнкі: Беларусь не бачыць сябе паспяховаю дзяржаваю без падтрымання суседзяў.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ: “Суверэнітэт, незалежнасць, дабрабыт народу можна забяспечыць толькі ў адзінстве з рэспублікамі, прадстаўнікі якіх, кіраўнікі дзяржаваў цяпер за гэтым сталом”.

Гэтыя словы прызначаліся хутчэй прадстаўніку не рэспублікі, а федэрацыі. Хоць у гэтыя дні Уладзіміру Пуціну больш патрэбныя не заявы, а падтрыманне ў ціску на Кіеў. Бо ўсяго праз месяц у Вільні плануецца падпісанне Пагаднення аб асацыяцыі Украіны і Еўразвязу. Віктар Януковіч, аднак, не бачыць у гэтым перашкоды для супрацы з Мытным саюзам.

ВІКТАР ЯНУКОВІЧ, ПРЭЗІДЭНТ УКРАІНЫ:
“Мая пазіцыя такая: любыя размовы пра неабходнасць выбару Украіны між паглыбленнем узаемадзеяння з дзяржавамі-ўдзельніцамі СНД, а таксама Еўразійскага інтэграцыйнага праекту і Еўропаю не правільныя”.

Але, паводле Пуціна, пасля падпісання Пагаднення аб асацыяцыі дарога для Украіны ў Мытны саюз закрытая.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ: “Таму немагчыма, што ў межах гэтай асацыяцыі мяркуецца стварэнне зоны вольнага гандлю між Еўразвязам і Украінаю”.

У межах гэтай зоны Украіна будзе ўводзіць на сваёй тэрыторыі гандлёвыя правілы і рэжымы еўрапейскага тыпу. А гэта пагражае расейскаму рынку, заявіў расейскі прэзідэнт. Але змаганне за Украіну для Пуціна справа больш палітычная, чым эканамічная.

КІРЫЛ КОКТЫШ, ПАЛІТОЛАГ, МАСКВА: “Страта ўплыву ў гэтым кірунку наўрад ці будзе ўхваленая расяянамі. Больш за тое, гэта будзе адназначна ўспрынята як параза таго ж Пуціна”.

А за матэрыяльнымі вынікамі еўраінтэграцыі Украіны будуць уважліва сачыць іншыя постсавецкія дзяржавы.

АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, ПАЛІТОЛАГ, МЕНСК: “Поспехі еўрапейскай інтэграцыі Украіны так ці іначай адаб’юцца і на Малдове, і на Беларусі, магчыма, нават на краінах Закаўказзя”.

Беларусь жа, як саюзнік Расеі, што ніяк не паказвае руху ў бок Еўропы, можа атрымаць паказальныя для ўсіх эканамічныя пернікі. Сярод іншага расейскую нафту за ўнутрырасейскія кошты ўжо ад пачатку 2015 года.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ: “Для нас гэта страта бюджэту, але мы гатовыя гэта зрабіць. Але мы разлічваем на тое, што і партнёры пойдуць нам насустрач, прыбіраючы тыя выняткі, якія для іх, як яны лічаць, важныя”.

Таксама Пуцін даручыў расейскаму ўраду паглядзець, ці не атрымаецца неяк павялічыць для Менску экспарт нафты ў апошнім квартале яшчэ сёлета. Лукашэнка кажа, што гэта палепшыць дабрабыт народу.

АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, ПАЛІТОЛАГ, МЕНСК: “Вяршкі прыбыткаў збірае асабіста Лукашэнка, і дзеля таго ён гэта і робіць – каб захаваць асабістую ўладу”.

Але проста так ніхто нафты не дае. Толькі ў абмен на эксклюзіўныя правы для расейскага капіталу ў прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Пасля прывабных прапановаў Пуцін будзе жорстка патрабаваць усіх актываў, што цікавяць Маскву, лічыць Кірыл Коктыш.

КІРЫЛ КОКТЫШ, ПАЛІТОЛАГ, МАСКВА: “Штосьці Беларусі давядзецца саступіць, вось ужо прагучала з найвышэйшага ўзроўню заява пра магчымасць поўнай прыватызацыі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу”.

Эканамічная і палітычная незалежнасць цяпер таксама тавар на беларуска-расейскім рынку. Паслухайце самі.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ: “Не варта апасацца перадавання дадатковых паўнамоцтваў на наднацыянальны ўзровень. Суверэнітэт – не абраз. Усё мае свой кошт. Калі мы хочам жыць лепш, то чымсьці трэба паступіцца, ахвяраваць. Галоўнае – дабрабыт людзей”.

Як кажуць у народзе – і мы ведаем прозвішчы гэтых людзей.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў