За заўвагу ДАІшнікам – суд і 6-гадзінны ператрус у кватэры (эксклюзіўнае відэа)


Бабруйчанін Алег Жалноў зрабіў заўвагу працаўнікам ДАІ за парушэнне правілаў дарожнага руху. У выніку сам трапіў пад суд, а сёння разам з 13-гадовым сынам на 6 гадзінаў быў затрыманы ва ўласнай кватэры, дзе міліцыя праводзіла ператрус.

Правілы дарожнага руху – не для ДАІ?

Пачалася гэтая гісторыя яшчэ ў верасні, калі спадар Жалноў са сваім сынам праходзіў каля аддзялення ДАІ ў Бабруйску і заўважыў, што аўтамабілі працаўнікоў аўтаінспекцыі стаяць на ходніках. Мужчына звярнуўся з заўвагаю да міліцыянта, што якраз быў побач, і прапанаваў скласці пратакол аб парушэнні правілаў дарожнага руху. З аддзялення выйшлі яшчэ міліцыянты, завязалася спрэчка.

ДАІшнікі спрабавалі давесці Алегу, што, аказваецца, гэта ён парушае правілы дарожнага руху: беспадстаўна затрымлівае транспартныя сродкі – у той час, як Алег увесь час стаяў на ходніках і ніякай перашкоды не чыніў, што бачна на відэа, знятым сынам.

У пастарунку

У пратаколе, складзеным маёрам міліцыі Сяргеем Рудзьком, Алега вінавацяць у непадпарадкаванні ды фізічным супраціве працаўнікам міліцыі.

У той жа час сын Алега Аляксей распавядаў на судзе, што ягоны бацька не адмаўляўся прайсці ў пастарунак для складання пратаколу, і што фізічную сілу акурат выкарыстоўвалі міліцыянты, і было гэта больш падобна да катаванняў: «Бацьку хапалі за вопратку і маталі з боку ў бок. А потым Сершатанаў (працаўнік міліцыі. – ММ) штурхануў бацьку ў грудзі гэтак, што той упаў. Потым, у пастарунку, мяне павалілі на падлогу, і я стукнуўся галавою аб плітку. Я не супраціўляўся, але мне працягвалі заломваць рукі ды адарвалі рукаў пінжака. Лежачы на падлозе, я чуў крык бацькі: «Дайце ўдыхнуць паветра!»

Суд

Цягам кастрычніка ў Бабруйскім судзе разглядалася адміністратыўныя справа супраць Алега Жалнова за непадпарадкаванне працаўнікам міліцыі.

Учора, 23 кастрычніка, суд пасля двух паседжанняў прыняў рашэнне перапыніць разгляд справы ў сувязі з неабходнасцю дапрацаваць пратакол. Сёння зранку Алег меўся быць у РАУС дзеля складання новага пратаколу.

Помста людзей у пагонах

Але прыкладна а 7-й ранку ў кватэру ўварвалася міліцыя з АМАПам і да 14-й гадзіны праводзілі ператрус. У Алега забралі ўсю тэхніку, што ён меў: ноўтбук, вінчэстары з двух камп’ютараў, ADSL-мадэм, смартфон.

Пра тое, як пачаўся ператрус, распавяла Яўгенія, жонка Алега Жалнова:

«А 7-й ранку я выходзіла з дому на працу, муж снедаў. Не паспела я адчыніць дзвярэй, як з-за іх выбег чалавек у цывільным, а за ім – міліцыянты: мяне штурхнулі назад у кватэру. Потым сказалі, што маюць санкцыі на правядзенне следчых дзеянняў. Мне трэба было ехаць на працу, яны ўсё ж такі мяне выпусцілі. Дома застаўся малодшы сын, васьмікласнік».

{movie}Міліцыянты спрабуюць зайсці ў кватэру Жалнова|right|13026{/movie}

Спадарыня Яўгенія папрасіла прыехаць сваю маці, але тую міліцыянты з кватэры выгналі. Жанчына, хворая на цукроўку, гэтак расхвалявалася, што вымушаная была ехаць дадому прыняць лекі. Абураная сітуацыяй спадарыня Тамара папярэджвала міліцыянтаў, што будзе падаваць пазоў на кампенсацыю шкоды ейнаму здароўю і здароўю ейнай дачкі. Са слязамі на вачах яна казала, што шакаваная падзеямі, расчараваная ў міліцыі, што ў яе больш не засталося ніякай павагі да праваахоўнікаў: «Застаецца адно, хіба што, сапраўды выйсці з транспарантамі на вуліцу».

Сумнеўны ператрус

Цяпер стаіць пытанне пра тое, ці мелі міліцыянты права на вобшук кватэры. У пастанове, выпісанай пракурорам Артурам Карапецянам, гучала фармулёўка: «агляд месца здарэння». Гэты агляд быў санкцыянаваны ў сувязі з заяваю маёра Яўгена Сераштанава аб узбуджэнні супраць Алега крымінальнай справы за тое, што той выклаў у інтэрнэт матэрыялы, якія нібыта ганьбяць гонар Сераштанава як працаўніка міліцыі. Вядзецца пра відэазапіс інцыдэнту 4 верасня каля аддзялення ДАІ.

Алег дапускае, што гэта ўсё гэта – і суды, і ператрус – помста з боку міліцыі за тое, што ён выкрывае іхнія парушэнні. «Пракурор неяк сказаў мне: «Пасадзіць вас – гэта пытанне часу». Вось, відаць, гэта яны цяпер і хочуць зрабіць», – падзяліўся меркаваннем Алег.

«У нас людзі мяркуюць, што іх гэта не датычыць, покуль кожнага асабіста не закране, – кажа далей Алег. – А калі закранае, то яны вельмі здзіўляюцца: як гэта магчыма? Міліцыя ж мусіць нас абараняць. А міліцыя законы трактуе па-свойму, гэтак, як ім выгадна. Я ўсё гэта раблю, каб прыцягнуць увагу людзей да свавольства міліцыі».

На пытанне, навошта яму спатрэбілася рабіць заўвагу тады, 4 верасня, каля аддзялення ДАІ, Алег адказвае: «Каля гэтага будынку ДАІ рух аўтамабіляў арганізаваны проста па ходніках. У Бабруйску на дзень гораду міліцыянты збілі дзяўчыну і засталіся без пакарання. Тут, па ходніках, рушаць людзі, дзеці. Я вельмі не хацеў бы, каб нешта здарылася і некага збілі, бо цяжка будзе нешта даказаць: міліцыя зноў застанецца без пакарання».

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў