Сустракайце: нацыянальна-свядомыя фанаты


У Беларусі вырасла новае пакаленне фанатаў, што гадаваліся на нацыянальнай культуры, мяркуе эксперт.

У Гомлі фанаты БАТЭ развіталіся з былым галоўным трэнерам Віктарам Ганчарэнкам (які адправіўся працаваць у расейскую «Кубань» з Краснадару) беларускамоўным банерам: «Твае заслугі – наш гонар!» Гэта не адзінкавая акцыя. У фанацкім асяроддзі беларуская мова становіцца ўсе больш папулярнаю.

Ты я ж фанаты БАТЭ ў траўні 2012 года прэзентавалі банер: «Назаўжды ў нашых сэрцах да канца нашых дзён – БАТЭ (Барысаў)». Ёсць беларускамоўныя банеры ў фанатаў берасцейскага «Дынама», «Гомля», салігорскага «Шахцёра», магілёўскага «Дняпра», жодзінскага «Тарпеда», гарадзенскага «Нёмну», менскага «Дынама» і нават клубу трэцяга дывізіёну – менскага «Партызана».

Усё часцей можна пачуць беларускую мову і ў крычалках фанатаў. Гэтак, фанаты берасцейскага «Дынама» падчас гульняў спяваюць прыпеў энэрэмаўскай песні «Тры чарапахі». А першымі беларускую мову выкарыстоўвалі фанаты ФК «Ліда» ў канцы 90-х. Потым мода на беларускае сышла, але з 2012 года актыўна вяртаецца ў гэтае асяроддзе.

«Паводле маіх назіранняў, шырока беларуская мова прыйшла ў беларускі каляфутбольны асяродак прыкладна год-два таму, змяніўшы ў большасці выпадкаў ідэалогію «я расеец, я славянін» на ідэалогію «я беларус», – кажа вялікі прыхільнік футболу і хакею, аўтар ідэі грамадзянскай ініцыятывы «Справаводства па-беларуску!» Ігар Случак. – Тым не менш, беларуская мова пачала выкарыстоўвацца фанатамі ў стыкерах, банерах, атрыбутыцы і г. д.».

«Футбольныя фанаты – гэта заўсёды былі, ёсць і будуць закрытыя асяродкі з добраю самаарганізацыяй ды ўласнымі мэтамі, як бы на іх не ўплывалі вонкавыя акалічнасці, пагрозы ці іншыя чыннікі, у тым ліку і культурныя. Хоць пра нейкія ідэалогіі чалавеку, што знаёмы з фанацкім жыццём павярхоўна, казаць складана і, думаю, не вельмі правільна, – кажа Ігар. – Але што датычыць мовы, вырасла новае пакаленне фанатаў, што гадавалася і гадавала сябе на нацыянальнай культуры, былі за мяжою, не толькі ў паездках па танныя тавары, але і для душы ды сэрца, і бачылі, што ўсе моцныя і найлепшыя фанацкія рухі грунтуюцца на моцнай нацыянальнай культуры і павазе да сваёй гісторыі».

Паводле Ігара Случака, культура фанатаў – гэта вялікі патэнцыял для развіцця беларускай нацыянальнай культуры, мовы, бо няма лепшай рэкламы мовы, чым беларускамоўныя банеры на стадыёнах, беларускамоўныя стыкеры на вуліцах, беларускамоўныя дыктары і гульцы з прозвішчамі на форме па-беларуску. Гэта бачыць і пазітыўна ўспрымае шмат людзей, тым самым паступова схіляючыся да беларускай нацыянальнай мовы і культуры.

Алесь Ляўчук, фота Міланы Харытонавай

belsat.eu

Стужка навінаў