Каго баіцца менская міліцыя і гарадскія ўлады? (спіс)


Хто сапраўды можа папсаваць нервы міліцэйскім начальнікам і тым, каму яны падпарадкоўваюцца? Прэвентыўныя затрыманні напярэдадні самітаў Найвышэйшага еўразійскага эканамічнага савету і СНД у Менску: гатовы спіс тых, каго міліцыянты лічаць здольнымі арганізаваць гучную палітычную акцыю.

Віталь Васількоў

Актывіста «Zмены» Віталя Васількова затрымалі пры нявысветленых акалічнасцях і ў той жа дзень асудзілі на пяць содняў адміністратыўнага арышту.

Андрэй Молчан

Актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Молчана затрымалі ўчора проста на месцы працы. Прыкладна а 14:00 за ім прыйшлі працаўнікі міліцыі. Прычыну затрымання гэтак і не ўдалося высветліць.

Яўген Контуш

23 кастрычніка ля пад’езда ягонага дому затрымалі лідара беларускіх нацыянал-бальшавікоў Яўгена Контуша. У той жа дзень суд Маскоўскага раёну пакараў яго пяццю соднямі арышту паводле абвінавачання ў дробным хуліганстве (арт.17.1 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях).

Дзмітрый Паліенка

Актывіста руху нацыянал-бальшавікоў Дзмітрыя Паліенку затрымалі ля прахадной Менскага аўтамабільнага заводу пасля заканчэння працоўнай змены і даставілі ў РУУС Заводскага раёну. У дачыненні яго склалі адміністрацыйны пратакол на падставе арт. 17.1 КаАП.

Аляксандр Тарнагурскі

Актывіста «Еўрапейскай Беларусі» з Дзяржынску Аляксандра Тарнагурскага выклікалі сёння зранку на допыт у мясцовае РАУС. Позву яму прынеслі напярэдадні позна ўвечары.

Павел Вінаградаў

Лідар «Zмены» Павел Вінаградаў, якога звычайна прэвентыўна затрымліваюць напярэдадні афіцыйных сустрэчаў у Менску, з самага ранку 24 кастрычніка атрымлівае званкі на мабільны тэлефон з незнаёмых нумароў. Пра гэта паведамляла ягоная жонка Святлана. Паводле яе, сёння зранку да іх прыходзіў інспектар міліцыі, які прапанаваў Паўлу зайсці ў аддзяленне да 9:00 і адзначыцца (былы палітзняволены Павел Вінаградаў застаецца пад прэвентыўным наглядам міліцыі). «Паша адмовіўся, сказаўшы, што прыйдзе, калі будзе час. Крыху пазней да нас дамоў хацелі трапіць двое невядомых у цывільным, хутчэй за ўсё, міліцыя: яны званілі ў дзверы, але я не адчыніла», – расказала Святлана.

Праваабаронцы не сумняюцца ў тым, што прэвентыўныя затрыманні моладзевых актывістаў звязаны з правядзеннем у сталіцы 24–25 кастрычніка шэрагу афіцыйных сустрэчаў.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў