Справа беларускага студэнта, які «ўяўляе небяспеку для Польшчы»: працяг


Павел Юшкевіч, які паходзіць з Беларусі, хацеў атрымаць польскае грамадзянства. Але спецслужбы вырашылі, што ён уяўляе небяспеку для Польшчы.

Паўлу Юшкевічу анулявалі від на жыхарства. Але Мазавецкае кіраўніцтва ў справах замежных грамадзянаў у Варшаве накіравала справу на паўторны разгляд. Таму пакуль што яго не дэпартуюць.

Апошнія 10 гадоў Павел Юшкевіч жыве ў Торуні. У тамтэйшым універсітэце ён паспеў атрымаць тры вышэйшыя адукацыі ды падрыхтаваць кандыдацкую дысертацыю. Актыўна ўдзельнічаў у студэнцкім жыцці, арганізоўваў канферэнцыі, перамог у некалькіх конкурсах, у тым ліку стаў найлепшым замежным студэнтам Польшчы.

Ягоныя бацькі маюць карту паляка, таму Павел вырашыў атрымаць польскае грамадзянства. Дакументы ён падаў у жніўні 2012 года. Аднак стандартная працэдура прывяла да нечаканых вынікаў.

Прычына – кепская характарыстыка, атрыманая ад Агенцтва ўнутранай бяспекі (Agencja Bezpieczeństwa Wewnętrznego). Што канкрэтна не спадабалася працаўнікам спецслужбаў, хлопец не ведае, бо звесткі засакрэчаныя. Вядома адно: адмовілі з фармулёўкаю «атрыманне ім грамадзянства пагражае абароназдольнасці або бяспецы краіны ды грамадскага парадку».

Але адмова ў грамадзянстве – гэта не самая вялікая праблема. Паводле заканадаўства, асоба, якая ўяўляе небяспеку для Польшчы, мусіць яе пакінуць. 7 чэрвеня Паўлу анулявалі від на жыхарства, і з таго часу ў любую хвіліну могуць канваіраваць да найбліжэйшага памежнага пераходу. Яму таксама забаранілі наведваць краіны Шэнген цягам 5 гадоў.

Справа атрымала шырокі рэзананс. Аспіранта падтрымалі палітыкі, збіралі подпісы жыхары некалькіх гарадоў.

Паводле torun.gazeta.pl

Стужка навінаў