Пасля такога мы больш не бульбашы


Ураджай бульбы меншы, чым у Даніі, а кошты на «другі хлеб» даганяюць сусветныя.
98,4 % плану
Уборка бульбы на палях беларускіх калгасаў ужо амаль завершылася. На 23 кастрычніка 98,4 % нашага «нацыянальнага багацця» ўжо сабралі, рапартуе Міністэрства сельскай гаспадаркі.
Усяго накапалі 947 тыс. т, што на 23,1 % менш, чым летась. Ураджайнасць таксама меншая за мінулагоднюю і складае 230,8 ц/г супраць 237,3 ц/г у 2012-м.
Трыццатыя ў «бульбяным рэйтынгу»
У сусветным рэйтынгу вытворчасці бульбы Беларусь апусцілася з 19-га (2005 г.) на 30-е месца (2011 г.).
Пачынаючы з 1995 г. памер пасяўных плошчаў пад бульбу знізіўся больш як удвая. А паводле ўраджайнасці мы саступаем такім еўрапейскім краінам, як Аўстрыя – 357 ц/г, Данія – 389 ц/г, Вялікая Брытанія – 419 ц/г – і гэта краіны Поўначы Еўропы.
Zrzut ekranu 2013-10-23 o 20.16.06
(ураджайнасць у цэнтнерах з аднаго гектара)

Кошты на сусветным узроўні
Паводле звестак Белстату, за першыя сёлетнія 7 месяцаў цэны на харчы ў краіне выраслі ў сярэднім на 7,5 %. Неўраджай бульбы ды агульная тэндэнцыя росту коштаў на транспарт і паліва правакуюць і рост коштаў на бульбу. У ліпені 2013 г. адзін кілаграм бульбы каштаваў 67 цэнтаў. Сусветныя кошты на бульбу вагаюцца ад 40 цэнтаў да 1,5 долара.
Гледзячы на голую статыстыку, няцяжка прыйсці да высновы, што бульба нашая сапраўды залатая. У першым паўгоддзі 2013 года мы прадалі за мяжу 41 тыс. т «другога хлеба» на $ 8,5 млн, а завезлі 8,7 тыс. т, за якія нам давялося заплаціць $ 5,5 млн. Гэта значыць, прадавалі мы па $ 207 за тону, а набывалі па $ 636 – піша інтэрнэт-выданне intex-press.by.
Беларусь вымушана набываць дарагую замежную бульбу ў сувязі з недастатковаю колькасцю бульбасховішчаў. Наш «другі хлеб» часта гніе і не трапляе да спажыўцоў.
Некаторыя адмыслоўцы звяртаюць увагу на той факт, што рост коштаў на бульбу абумоўлены высокім попытам на расейскім рынку, куды мы пастаўляем свой стратэгічны харчовы рэсурс.
Сярэднестатыстычны беларус з’ядае за год 1 мех бульбы. Што цікава, большым попытам яна карыстаецца на Гарадзеншчыне: 6 кг за месяц на аднаго жыхара рэгіёну. А вось менчукі спажываюць толькі 3 кг. І больш налягаюць на садавіну.
Не сакрэт, што некаторыя харчы паляпшаюць настрой. І паводле адной з версіяў, у спіс такіх харчоў уваходзіць і бульба фры. У рэйтынгу ежы шчасця бульба абагнала шакалад і чырвоную ікру.
Ю.В., belsat.eu
Глядзі таксама
Каментары