Выселіць! Імем інвестыцыі!


Самадурства і беззаконне – гэтак назвалі дзеянні берасцейскіх уладаў жыхары вуліцы Астроўскага. Чыноўнікі падпісалі інвестыцыйную дамову з прыватнай арганізацыяй на будаўніцтва новага дому. Але без абмеркавання з жыхарамі старога будынку. Цяпер у іх адбіраюць кватэры ды перасяляюць на ўскраіну. Людзі не пагаджаюцца. Сёння ў судзе прайшлі папярэднія слуханні ў гэтай справе.

{movie}Імем інвестыцыі!|right|13007{/movie}

Валянціна выкладае ў берасцейскім музычным каледжы. Яна ніколі не думала, што жыццё можа ператварыцца ў бясконцыя судовыя працэсы. Адзіная віна жанчыны – яна жыве ў цэнтры гораду, па адрасе Астроўскага 10. У доме, які замінае супольным справам чыноўнікаў і бізнесоўцаў.

ВАЛЯНЦІНА МАЛЬЦАВА, ЖЫХАРКА ДОМУ:
«Мы трапілі ў сітуацыю, якая нас абурае і прыводзіць у адчай».

Усяго ў будынку 7 кватэраў, з іх толькі адна непрыватызаваная. Аднак мясцовыя ўлады цікавіць не права ўласнасці, а зямля ў цэнтры Берасця. У чэрвені старшыня аблвыканкаму Канстанцін Сумар паведаміў жыхарам, што ажно два гады таму быў падпісаны інвестыцыйны кантракт з ТАА «Элэдзі» пра будаўніцтва на той зямлі, дзе стаіць іх дом. Пры гэтым адсяленцы не маюць права пабачыць гэтай дамовы, а могуць толькі перасяліцца на ўскраіну гораду. Рух «За свабоду» пастанавіў бясплатна дапамагчы берасцейцам юрыдычна. Бо назіраецца сумная тэндэнцыя.

ДЗЯНІС ТУРЧАНЯК, ПРАВААБАРОНЦА:
«Гэта другі зварот грамадзянаў у суд у аналагічным пытанні, і яшчэ дзве такія сітуацыі нам вядомыя, але да суду пакуль не даведзеныя».

Схема ўжо вядомая чыноўнікам. Дом у прывабным для інвестараў месцы абвяшчаюць аварыйным, людзей высяляюць, а потым можна рабіць што заўгодна. Гэтак ужо знішчылі некалькі будынкаў старога гістарычнага Берасця.

АЛЯКСАНДР МІЛІНКЕВІЧ, РУХ «ЗА СВАБОДУ»:
«Дом, пра які ідзе гаворка, з’яўляецца помнікам архітэктуры, і яго не толькі будуць перабудоўваць, рэстаўраваць. Яго проста будуць зносіць і будаваць штосьці новае».

Ужо вядома, што: дом павышанага камфорту – для грамадзянаў павышанай вартасці. Хаця Валянціна яшчэ спадзяецца пабачыць роўнасць людзей перад законам.

ВАЛЯНЦІНА МАЛЬЦАВА, ЖЫХАРКА ДОМУ:
«Знайсці агульную мову з гарадскімі ўладамі, якія пачуюць грамадзянаў, іх памеры, іх памкненні, іх сем’і, у якіх мы гадуем дзяцей».

Гэтая справа мусіць прыцягнуць увагу не толькі журналістаў, мяркуе кіраўнік руху «За свабоду».

АЛЯКСАНДР МІЛІНКЕВІЧ, РУХ «ЗА СВАБОДУ»:
«У нас няма доказаў, што гэта карупцыйная схема, гэта адмыслова трэба займацца, але падазрэнняў тут даволі шмат».

Напрыклад, адсяленне праводзяць за бюджэтны кошт. Хаця паводле закону плаціць мусіць інвестар – фірма «Элэдзі», пераконвае праваабаронца.

ДЗЯНІС ТУРЧАНЯК, ПРАВААБАРОНЦА:
«Іначай, як перадзелам уласнасці назваць гэта немагчыма. Але самае парадаксальнае тое, што займаюцца гэтым дзяржаўныя чыноўнікі».

Наступнае паседжанне паводле справе пройдзе ў судзе Ленінскага раёну 8-га лістапада.

Марцін Ярскі, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў