«Про сябров». Як расейскія журналісты пішуць пра прыгоды ў Беларусі


Для журналістаў з аддаленых куткоў Расеі, з раённых ды абласных выданняў паездка ў Беларусь ды прыём на найвышэйшым узроўні – гэта сапраўдная падзея. «Белсат» прыгледзеўся да таго, як нашыя расейскія калегі пішуць пра Беларусь пасля чарговага прэс-туру ў рэжыме «ўсё улучанае».

У сёлетняй вандроўцы ўзялі ўдзел амаль 90 журналістаў з рэгіянальных СМІ Расеі. Іх павезлі на Гарадзеншчыну, дзе паказалі, як працуюць найлепшыя гаспадаркі і прадпрыемствы, арганізавалі сустрэчу з кіраўніком вобласці ды забаўляльныя экскурсіі.

Доўгая дарога

Адзін з журналістаў заўважае, што арганізатары прэс-туру ужо «сабаку з’елі» ў сваёй справе, а таму дасканала ведаюць, як сабраць дзясяткі расейскіх журналістаў у адным месцы ды гэтак, каб ніхто не разбегся. Перад выездам для іх у беларускай амбасадзе зарганізавалі фуршэт. «Калі надышоў час адбываць на вакзал, мы з дазволу прэс-аташэ пакідалі ў торбы недапітае і працягнулі знаёмства ўжо ў цягніку. Акупавалі ажно тры вагоны», – піша журналіст «Орловской правды».

Для некаторых журналістаў ужо з гэтага моманту пачынаецца знаёмства з Беларуссю. У сваіх артыкулах яны нахвальваюць беларускія вагоны са шчыльнымі вокнамі, мяккімі паліцамі ды ветлівымі правадніцамі. «Калега са сталічнай газеты быў настолькі зачараваны адною з іх, што адразу ж настрачыў пра яе рамантычнае эсэ на iPade і адправіў у рэдакцыю», – піша «Орловская правда».

«Белсат» знайшоў эсэ, прысвечанае беларускай правадніцы. «Яе вогненная грыва пачынае сваю шалёную пляску толькі на ветры. Калі кудысьці ў невядомасць пачынае мітуслівую і бессэнсоўную для яго пляску белы агменьчык сігнальнага ліхтара ў ейнай руцэ», – гэтак паэтычна карэспандэнт «Вечерней Москвы» распачынае свой твор пад назваю «Правадніца Іна з цягніка дзве сямёркі». Ён шчыра хвалюецца, ці дачакаецца правадніцу ейны муж, які праз гэткі графік працы застаецца дома адзін ажно на чатыры дні?

Ашаламляльныя поспехі

Гэткі прэс-тур арганізоўваюць ужо адзінаццаты раз. Традыцыйна расейскія журналісты звяртаюць увагу на чысціню, прыгажосць і бяспеку на вуліцах беларускіх гарадоў. Для працаўнікоў малых рэгіянальных выданняў асабліва актуальная сельскагаспадарчая тэматыка. І тое, як працуюць найлепшыя беларускія гаспадаркі, пакідае моцнае ўражанне. Гэтым разам цудам журналісты называюць даільнага робата.

«Даільны робат «Астранаўт-А3» адказвае не толькі за даенне, але і за падачу кармоў і выдаленне гною, – захапляецца журналіст выдання «Красное знамя Севера» ў сваім артыкуле «Про сябров». – Ферма прасторная, памяшканні для кароў утульныя. Самі яны – сціплыя: пад прыцэлам фотаапаратаў адварочвалі пыскі».

«Далей пераказваю алегарычна, – падхоплівае «Орловская правда». – І пабачыў Бацька, што гэта добра. І сказаў ён: «Ды буду і я вырабляць такіх робатаў». Паклікаў ён да сябе галоўнага менеджара з Галандыі, што валодае патэнтам на выраб такіх робатаў. І купіў у яго ліцэнзію…»

Расейскія журналісты таксама з захапленнем апісваюць гарадзенскія прадпрыемствы, на якіх удалося пабываць, і душэўны прыём у аграгаспадарцы ў Каробчыцах, што пад Горадняю. «Ля брамы нас сустракала беларуская амазонка на белым кані (назвалася багіняю Дзяванаю), якая завяла нас у рэстаран, – піша адзін з журналістаў. – А потым прыйшоў ансамбль цыганоў і пачалося: «Ай, нэнэ-нэнэ! Да нас прыехаў, да нас прыехаў! Пей да дна!»

Лукашэнка: чалавек-прэзідэнт, чалавек-«бацька» і гарэлка

«Гэтыя акулы пяра са Стаўрапалю, Ліпецку, Варонежу, Абакану, Арла і яшчэ сямі дзясяткаў гарадоў Расеі ведалі практычна ўсё: што ў зале будзе прахалодна, што пасля прэс-канферэнцыі будуць падарункі «ад Лукашэнкі» ды іншае. Ніхто не мог сказаць наперад толькі аднаго: у якім настроі будзе Аляксандр Рыгоравіч. Ён, са словаў калегаў, можа зіхацець. А можа быць суровы і сыпаць тэрмінамі, якія б надаваліся ў іранічную рубрыку «Цытаты», – распавядае карэспандэнт агенцтва «НТА-Приволжье» пра атмасферу прэс-туру паміж «ай, нэнэ» ў Карбочыцах і галоўнаю падзеяй – прэс-канферэнцыяй з удзелам кіраўніка дзяржавы.

Іншая журналістка, адбіваючыся ад абвінавачанняў у «куплёнасці», распавядае, што падарункі «ад Лукашэнкі» – сціплыя. Гэта фотакніга пра Беларусь, цукеркі ды бутэлька гарэлкі «Прэзідэнт». Журналістка газеты «Наше время» (Якуція) таксама разбівае міф пра тое тым, што цягам пяці гадзінаў журналісты не могуць выйсці з прэс-канферэнцы, напрыклад, у прыбіральню і змушаныя трываць: «Сама асабіста ў туалет выходзіла (пардон за натуралізм), і мае калегі таксама, і не па адным разе. Лукашэнка – так, «трываў», што праўда, то праўда».

Некаторыя ўдзельнікі прэс-туру засмучаныя тым, як паводзілі сябе падчас прэс-канферэнцыі некаторыя калегі, бо «спрабавалі вываліць кораб усіх бедаў і праблемаў свайго рэгіёну прэзідэнту іншай краіны».

Іншыя прывезлі ў Расею міфічны вобраз Лукашэнкі – кіраўніка справядлівага, аддана любімага ў народзе, шчырага, хоць і імпульсіўнага. «Бацьку», то бок прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку, паважаюць не толькі чыноўнікі. Апошнія за «Рыгорыча» п’юць стоячы і з трохразовым «ура!»,піша у сваёй узвышанай манеры ўжо знаёмы нам паводле эсэ пра правадніцу журналіст «Вечерней Москвы». – Кінутыя недапалкі дворнікі збіраюць уручную, каб не шумець мяцёлкаю пад вокнамі а 6-й раніцы. Пачнуць шумець – на іх наскардзяцца. Могуць адразу Бацьку. І тут такое можа пачацца…»

Чаму «беларускі цуд» бачаць толькі расейцы?

З дзевяці дзясяткаў расейскіх журналістаў, што бралі ўдзел у прэс-туры, далёка не ўсе рыхтавалі рэпартажы. Некаторыя абмяжоўваліся кароткімі паведамленнямі з прэс-канферэнцыі Лукашэнкі. А з тых, хто пісаў разгорнутыя рэпартажы, толькі адзінкі спрабавалі прааналізаваць тое, што яны пабачылі ў Беларусі.

«Думаю, аднойчы Аляксандр Рыгоравіч зробіць для сябе вельмі непрыемнае адкрыццё: не хлебам адзіным. Што смачная айчынная кілбаса, танны грамадскі транспарт і эфектыўная ЖКГ яшчэ не робяць чалавека шчаслівым. Рана ці позна Беларусі прыйдзецца пачаць мадэрнізацыю не толькі ў эканоміцы, але і ў грамадскіх адносінах», – піша ў артыкуле «Сацрэалізм 2.0» карэспандэнт «Псковской правды».

Ён жа і спрабуе растлумачыць феномен таго, што пра «беларускі цуд» пішуць толькі расейскія журналісты: «Беларусь лепш за любое люстэрка паказвае… хібы Расеі. І рэч не ў настальгіі па савецкім мінулым. Справа ў тым, што расейцы таксама хочуць парадку навокал – банальнага бытавога і гаспадарчага парадку, які насамрэч не мусіць быць эфектам дыктатуры».

Падрыхтаваў Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў