«N.R.M.» выдалі першы ў гэтым стагоддзі беларускі альбом на вініле


Новы альбом гурта «N.R.M.» пабачыў свет на сапраўднай кружэлцы.

Праца пад назваю «Д.П.Б.Ч.» стала першым вінілавым беларускамоўным дыскам у новым стагоддзі. Раней такім чынам выдавалі найлепшыя альбомы «Песняроў» і «Сузор’я», «Мроі» ды «Улісу», і было гэта больш за 20 гадоў таму.

«Цяпер механічныя носнікі музыкі адмерлі – усе бяруць музыку з інтэрнэту і слухаюць яе ў лічбавым выглядзе. І таму каб проста існаваў механічны носнік – мы вырашылі зрабіць яго максімальна традыцыйным. Менавіта такім, які быў калісьці ў «Beatles», «Rolling Stones», – кажа удзельнік гурта Піт Паўлаў.
{movie}Агляд падзеяў культуры|right|12996{/movie}
Дызайн выдання распрацаваў Уладзімір Цэслер. У новую кружэлку «N.R.M.’у» увайшло восем новых песень – па чатыры на кожны бок. Усе яны былі запісаныя без удзелу былога фронтмэна гурта Лявона Вольскага. Прэзентаваць дыск музыкі будуць утрох.

«Мы запланавалі тур. Па Беларусі мы яго пачынаем. І ўжо пачалі – учора адбыўся канцэрт у Гомлі – выдатны канцэрт, з выдатнай атмасферай, прыёмам. І літаральна 23-га мы едзем у Магілёў. З Магілёва адразу – Масква, Санкт-Пецярбург. Потым вяртаемся ў Беларусь і скончыцца гэта сталіцаю нашай рэспублікі – Менскам», – распавёў яшчэ адзін удзельнік «N.R.M.» Алезіс Дземідовіч.

Сёлета выданне сваіх альбомаў на вініле стала своеасаблівым трэндам. Да гэтага свае песні такім чынам выдаў гурт «Касіапея», а неўзабаве пабачыць свет кружэлка гурта «Ляпіс Трубяцкой».

Іншыя тэмы: Журавінавы фестываль адгрымеў у вёсцы Альманы, дзе журавіны – стыль жыцця. У Магілёве працягваюцца сустрэчы ў «Шчырай майстэрні»: на выходных майстрыха Святлана Лебедзева вучыла дарослых і дзяцей рабіць творы з медзі. У Менску прайшоў кірмаш маладых дызайнераў, прысвечаны святу Haloween.

Сяргей Будкін, Адэля Дубавец, «Навіны культуры»
https://youtu.be/rU0K0tQe2mE

Глядзі таксама
Каментары