Экскурсія ў ГУЛаг: новыя факты


На публікацыю «Белсату» «Экскурсія ў ГУЛаг: лёсы беларусаў, распілаваныя чарапы ды золата НКВД» адгукнуўся з Магадану гісторык Сяргей Райзман, які даследуе лёсы рэпрэсаваных. Спадар Райзман удакладніў шмат якія моманты і дадаў шмат цікавай і каштоўнай інфармацыі. Ніжэй падаем ягоны тэкст.

1. Колькі вязняў было на Калыме?

Прамысловае засваенне Магаданскай вобласці пачалося з узнікненнем Дзяржаўнага трэсту дарожнага і прамысловага будаўніцтва – «Дальстрою». Каля паловы насельніцтва на падначаленай яму тэрыторыі (а ў даваенныя гады больш за тры чвэрці) былі вязні. А калі ўлічыць, што каля паловы вольнанаёмных складалі былыя вязні, якіх прымусова пакідалі тут працаваць, не будзе памылкаю сказаць, што Калыма амаль цалкам абавязаная сваім развіццём прымусовай працы. Практычна побач з кожным пасёлкам, з кожнаю вытворчасцю, што ўзніклі да 1957 года, існаваў лагер. Часта лагер паўставаў раней за вольны пасёлак.

Насельніцтва на тэрыторыі, якую займаў Дальстрой*

1926

1932

1939

1950

Каля 10 тыс.

Каля 23 тыс.

190 тыс.

Больш за 250 тыс.

* Дальстрой быў створаны ў 1931 годзе

Гісторыкі ды краязнаўцы склалі некалькі мапаў Магаданскай вобласці, на якіх пазначаныя лагеры. На найбольш падрабязных іх больш за 400: ад самых буйных – транзітных, праз якія праходзіў асноўны паток зняволеных, да невялікіх лагерных пунктаў, дзе магло быць 100–200 вязняў. У буйных лагерных аддзяленнях побач з вытворчасцю маглі быць некалькі тысячаў чалавек, але ўжо не дзясяткаў тысяч: такую колькасцю было б цяжка трымаць пад кантролем. Былі і драбнейшыя лагерныя камандзіроўкі, якія стваралі часова, – напрыклад, на час пабудовы ўчастку дарогі, лесапавалу, здабычы металу.

Kartapopr

Адна з мапаў лагераў Магаданскай вобласці, складзеная гісторыкамі ды краязнаўцамі. У вялікім памеры глядзець тут.

Паводле сучасных ацэнак, лік зняволеных, якія прайшлі праз Калыму за гады рэпрэсіяў, вагаецца паміж 740 тыс. і 870 тыс. чалавек. З іх памерлі каля 130 тыс. – прыкладна кожны шосты. Сярод найбольш распаўсюджаных прычынаў смяротнасці: запаленне лёгкіх, аліментарная дыстрафія, траўмы на вытворчасці.

Пік расстрэлаў прыпаў на 1937–1938 гады. 30 ліпеня 1937 года наркам Яжоў падпісаў аператыўны загад № 00447: «…з 5 жніўня 1937 г. ва ўсіх рэспубліках, краях і абласцях пачаць аперацыю рэпрэсавання былых кулакоў, актыўных антысавецкіх элементаў і крымінальнікаў». У выніку гэтай кампаніі, паводле апошніх даследаванняў, у зоне адказнасці «Дальстрою» расстралялі каля 12 тыс. чалавек.

2. Чаму ад большасці лагераў амаль нічога не засталося?

Напрыканцы 1950-х вялікая частка лагераў закрылася. Разам з імі спынілася жыццё і ў некаторых паселішчах, але большая частка іх засталася. За мінулыя 55 гадоў яны праглынулі закінутую лагерную інфраструктуру, якая месцілася побач. Абсталяванне вывезлі на дзейныя прадпрыемствы або здалі ў металалом, пабудовы перарабілі, разабралі, расцягнулі на дровы, знеслі або спалілі. Лагеры, вязні якіх здабывалі рассыпное золата, часта месціліся проста на радовішчы і знішчаліся пры паўторнай здабычы. Бывалі выпадкі, калі разам з адваламі (паліцамі), якія кепска распрацавалі раней, ускрывалі і старыя лагерныя пахаванні.

Дняпроўскі. Фота Кшыштафа Хэйкэ (Krzysztof Hejke), размешчана за згодаю аўтараДняпроўскі. Фота Кшыштафа Хэйкэ (Krzysztof Hejke), размешчана за згодаю аўтараТакім чынам, поўнаму або частковаму знікненню значнай долі лагернай інфраструктуры ў першую чаргу спрыялі тэхнагенны, чалавечы і толькі затым прыродна-кліматычны фактар.

Найлепш захаваліся лагеры і вытворчыя аб’екты, аддаленыя ад калымскай трасы і закрытыя разам з вольнымі паселішчамі-спадарожнікамі ў сярэдзіне 1950-х гадоў. Часцей за ўсё гэта былі руднікі, дзе здабывалі алавяную руду (касітэрыт). Менавіта такі быў «Дняпроўскі».

3. Гісторыя лагеру «Дняпроўскі»: з Амерыкі – і тушонка, і калючы дрот

«Дняпроўскі» пачаў працаваць не з 1942 года, а з лета 1941-га, і тады ж даў першую руду. Рудніку прызначылі т. зв. 3-ю катэгорыю горназдабыўных прадпрыемстваў, гэта значыць – невысокага значэння і з адносна невялікаю колькасцю зняволеных (фармальна – ад 500 да 1000 чалавек, магло быць і менш). Прыналежнасць да такой катэгорыі сведчыла і пра слабое забеспячэнне рэсурсамі «з мацерыка» (цэнтральных раёнаў СССР). Увогуле, з увагі на цяжкую даступнасць тэрыторыі «Дальстрою», гэты момант выкарыстоўвалі ў якасці «матывацыі». Вязням лагераў, якія перавыканалі план, давалі павышаныя «стаханаўскія» пайкі. Тыя ж, што мелі нізкія паказнікі здабычы металу, негалосна «ставілі ў чаргу».

Дняпроўскі. Фота Кшыштафа Хэйкэ (Krzysztof Hejke), размешчана за згодаю аўтараДняпроўскі. Фота Кшыштафа Хэйкэ (Krzysztof Hejke), размешчана за згодаю аўтараУ гады вайны забеспячэнне «Дальстрою» з цэнтральных раёнаў рэзка скарацілася. Замест гэтага стваралі мясцовую вытворчасць (напрыклад, электралямпачак) і карысталіся пастаўкамі праз ленд-ліз (харчы, аўтамабілі, горназдабыўное абсталяванне). З бляшанак ад амерыканскай тушонкі рабілі тазікі ды міскі, крылі дахі ды абівалі сцены побач з печкамі. Вядома таксама, што большую частку калючага дроту, які ў СССР выкарыстоўвалі падчас Другой сусветнай вайны і пасля яе, атрымалі ў межах амерыканскай дапамогі. Дарэчы, за пастаўкі ленд-лізу плацілі тым самым золатам, што здабывалі на Калыме.

На рудніку працавалі пераважна зняволеныя «СевВостЛагу», сярод інжынераў і тэхнікаў пераважалі вольнанаёмныя. Паводле вынікаў 1942 года руднік «Дняпроўскі» быў прызнаны найлепшым сярод прадпрыемстваў «Дальстрою» ў здабыванні волава, што дазволіла яму атрымаць другую катэгорыю. У 1942 годзе тут пачалі будаваць абагачальную фабрыку № 8 магутнасцю 50 тонаў за содні, але да 1944 года так і не скончылі. Руднік закансервавалі ды закрылі, бо металу здабывалі няшмат, патрэбы краіны ў волаве знізіліся, а на прадпрыемствах здабывання золата не ставала працоўных рук.

4. Вызначанае прозвішча толькі аднаго загінулага

Паколькі на вядомых сёння лагерных могілках пасёлка Дняпроўскага ўсяго каля ста магілаў, можна меркаваць, што існуюць яшчэ адныя могілкі, якія адносяцца да першага (ваеннага) перыяду яго існавання.

Дняпроўскі. Фота Кшыштафа Хэйкэ (Krzysztof Hejke), размешчана за згодаю аўтараДняпроўскі. Фота Кшыштафа Хэйкэ (Krzysztof Hejke), размешчана за згодаю аўтараСтарыя лагерныя захаванні, якія апісвае Вячаслаў Шыдлоўскі, дазваляюць аднесці іх размяшчэнне ў раён даліны ручая Дняпроўскі. Спадар Шыдлоўскі не сцвярджае, што ягоны аднакласнік Макар Лухверчык загінуў на Дняпроўскім. Спачатку ён апісвае сплаўбазу, затым праводзіць абагульненне, кажучы, што ў такім жа занядбаным стане застаюцца і іншыя закінутыя паселішчы на Калыме, згадваючы сярод іх і Дняпроўскі. Пазней піша, што тут (відавочна, маючы на ўвазе Калыму ў цэлым) загінуў і ягоны аднакласнік.

Пакуль дакладна вызначанае імя аднаго загінулага на рудніку ў 1942 годзе. Гэта паляк Мікалай Аляксандравіч Рэйніцан (Rejnican), які нарадзіўся ў 1912-м і паходзіў з сям’і сасланых. Арыштавалі яго ў 1938-м і асудзілі на 10 гадоў лагераў. Месца ягонага пахавання пакуль не вядомае. Але відавочна, што колькасць загінулых у першы перыяд існавання Дняпроўскага мае быць прыкладна такая ж, як і ў паваенныя гады.

5. Другое жыццё «Дняпроўскага» і беларускія нацыяналісты

У 1949 годзе працы на рудніку «Дняпроўскі» аднавіліся. Побач стварылі лагернае аддзяленне № 11 асаблівага лагеру № 5 «Берагавы» (Берлаг), дзе трымалі «асабліва небяспечных дзяржаўных злачынцаў», якіх выкарыстоўвалі на «асабліва цяжкіх працах».

На 23 сакавіка 1949 года «адмысловы кантынгент» Берлагу складаўся на 44,8 % з «нацыяналістаў», на 30,5 % – з асобаў, якія «ствараюць небяспеку праз свае антысавецкія сувязі ды варожую дзейнасць». Вядома, што сярод абвінавачаных у нацыяналізме былі жыхары Украіны, Беларусі, Латвіі, Літвы, Эстоніі. Частку сядзельцаў складалі і сапраўдныя злачынцы. Колькасць зняволеных на рудніку «Дняпроўскі» не перавышала 1500 чалавек.

Дняпроўскі. Фота Кшыштафа Хэйкэ (Krzysztof Hejke), размешчана за згодаю аўтараДняпроўскі. Фота Кшыштафа Хэйкэ (Krzysztof Hejke), размешчана за згодаю аўтараУ 1950-я гады частку найбольш цяжкіх вытворчых працэсаў на рудніку механізавалі: правялі электрычнасць, усталявалі прамысловыя прыборы, ужывалі бурыльныя малаткі ды кампрэсарныя станцыі, скрэперы і лябёдкі на рудаспусках, працавалі самазвалы і бульдозеры, дзеяла ўзбагачальная фабрыка. Сярод сродкаў механізацыі вытворчасці сустракалася і амерыканскае абсталяванне фірмы «Дэнвэр», атрыманае праз ленд-ліз.

Тлумачылася гэта, хутчэй, імкненнем да росту прадукцыйнасці, чым жаданнем змякчыць умовы працы зняволеных. З ростам механізацыі павялічваліся і нормы, дый да абслугоўвання тэхнікі вязняў дапускалі надзвычай неахвотна – іх па-ранейшаму кідалі на самыя цяжкія працы.

У 1954-м руднік «Дняпроўскі» зноў закансервавалі ды закрылі: раслі пастаўкі таннага волава з Кітаю, запасы вычарпаліся, скарацілася колькасць зняволеных. У той жа час ліквідавалі і Берлаг. У 1960-я гады на базе паселішча вольнанаёмных яшчэ дзеяла Асанская геалагічная партыя Ягаднінскай комплекснай геалагічнай экспедыцыі, з яе ліквідацыяй быў канчаткова закрыты і пасёлак Дняпроўскі.

Сяргей Райзман, старшыня Магаданскага абласнога гістарычна-асветніцкага таварыства «Мемарыял»

Глядзі таксама
Каментары