Пра што маглі размаўляць Гарбачоў, Далай-Лама і Шэран Стоўн?


У польскай сталіцы пачаўся XIII Сусветны саміт лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру.

Саміт, які праходзіць пад слоганам «Салідарнасць для міру – час дзеяць», працягнецца да 23 кастрычніка. Такі слоган выбраны не выпадкова – прымаць высокіх гасцей з розных краінаў свету будзе польскі лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Лех Валэнса (былы лідар прафсаюзу «Салідарнасць» і колішні прэзідэнт Польшчы), які атрымаў сваю Нобэлеўку роўна 30 гадоў таму.



Галоўныя тэмы саміту
– мір, бяспека, правы чалавека, сацыяльныя каштоўнасці падчас крызісу.

Саміт распачаўся ў Палацы культуры і навукі (галоўны архітэктурны брэнд Варшавы і сімвал Польшчы мінулай эпохі). Кангрэс завершыцца ў сераду ў Вялікім тэатры – Нацыянальнай оперы, дзе адбудзецца ўручэнне ўзнагароды «Peace Summit Award 2013». Пераможцаў вызначае камісія лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі. Раней «Peace Summit Award 2013» атрымлівалі Бона з «U2» і галівудскі актор Джордж Клуні. У гэтым годзе ўзнагароду атрымае Шэран Стоўн – за дапамогу людзям, якія пакутуюць на ВІЧ і СНІД.

Сярод высокіх гасцей саміту будзе Далай-Лама – духоўны лідар тыбетцаў, і Фрэдэрык Вілем дэ Клерк – апошні белы прэзідэнт Паўднёвай Афрыкі, які атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру за намаганні ў барацьбе з апартэідам і ўсталяванне дэмакратыі ў Паўднёвай Афрыцы. У Варшаву планавалі прыехаць 15 лаўрэатаў прэміі. Міхаіл Гарбачоў, узнагароджаны за ўнёсак у справу ядравага раззбраення і ўмацавання глабальнай бяспекі, не прыбыў. У саміце прыме удзел каля 6000 гасцей.

Ініцыятарам правядзення Сусветнага саміту лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру 13 гадоў таму быў Міхаіл Гарбачоў. Першыя кангрэсы адбываліся у Рыме. Пазней яны праходзілі ў Берліне, Парыжы, Хірасіме і Чыкага.

Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў