Сікорскі і Більт прыедуць у Менск?


Міністры замежных справаў Польшчы ды Швецыі Радослаў Сікорскі і Карл Більт агучылі жаданне наведаць сталіцы ўсіх краінаў «Усходняга партнёрства».

Візіт міністры запланавалі напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства», які пройдзе ў Вільні 28-29 лістапада. Пра свае намеры Сікорскі і Більт напісалі ў артыкуле, які публікуе выданне naviny.by.

У артыкуле дыпламаты звяртаюць увагу на цяжкасці рэалізацыі некаторых умоваў, выканання якіх патрабуе Еўразвяз. І зазначаюць, што перад самітам міністры замежных справаў Польшчы ды Швецыі разам з «высокапастаўленымі асобамі» абедзвюх краінаў паедуць «у вандроўку ва ўсе сталіцы «Усходняга партнёрства»: Кішынёў, Кіеў, Тбілісі, Баку, Ерэван і Менск».

Міністры замежных справаў Польшчы ды Швецыі выказваюць свае спадзяванні на тое, што «Віленскі саміт стане самітам дасягненняў» і «адпраўным пунктам глыбейшай інтэграцыі паміж ЕЗ і краінамі Усходняй Еўропы».

Радослаў Сікорскі і Карл Більт адзначаюць, што падчас запланаванай вандроўкі яны не будуць раздаваць абстрактных абяцанняў, а будуць «практычна заахвочваць да дзеянняў». Еўрапейскія дыпламаты падкрэсліваюць, што ні Варшава, ні Стакгольм не вызначаць лёсаў краін «Усходняга партнёрства». «Ад Менску на паўночным захадзе да Баку на паўднёвым усходзе кожны мусіць разумець, што будучыня вызначыцца менавіта там – у яго дома, а не ў Варшаве, Стакгольме або Бруселі. Для краінаў «Усходняга партнёрства» логіка простая: глыбіня іх адносінаў з ЕЗ будзе вызначацца нічым іншым, апроч як глыбінёю выканання абавязкаў».

Ю.В. паводле naviny.by

Стужка навінаў