Малдаўскага ката арыштавалі за кантрабанду марыхуаны


Малдаўскага ката арыштавалі за кантрабанду марыхуаны. Ахоўнікі адной з малдаўскіх турмаў правялі складаную спецаперацыю ў ліквідацыі злачынцы. Кот спрабаваў пранесці ў турму два пакецікі з марыхуанаю. Пра гэта паведамляе мясцовы інфармацыйны рэсурс Realitatea.net.

Выданне перадае, што пільныя ахоўнікі звярнулі ўвагу на падазронага ката, які часта выходзіў праз дзірку ў плоце. Падкраўшыся бліжэй, турэмнікі ўбачылі, што на жывёліну надзеты ашыйнік, пад якім прылепленыя два пакецікі з марыхуанаю.

Дэпартамент пенітэнцыярных установаў Малдовы (Department of Penitentiary Institutions) заявіў, што кот быў кур’ерам і дастаўляў наркотыкі зняволеным. Хто «наняў» жывёліну – не паведамляюць. У чэрвені гэтага года такое злачынства здзейснілі ў рэспубліцы Комі – там котка спрабавала пранесці ў калонію сотавыя тэлефоны, прымацаваныя пры дапамозе скотча.

Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў